Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія вайскоўцы сыстэматычна катуюць украінскіх ваеннапалонных — камісія ААН


Сваякі ўкраінскіх палонных на пікеце. Ілюстрацыйнае фота.
Сваякі ўкраінскіх палонных на пікеце. Ілюстрацыйнае фота.

Камісія ААН па расьсьледаваньні парушэньняў падчас вайны ва Ўкраіне падрыхтавала даклад аб шырокамаштабных парушэньнях правоў чалавека ва Ўкраіне з боку расейскіх вайскоўцаў.

Ён грунтуецца на аповедах больш як 800 чалавек (украінскіх ваеннапалонных і расейскіх салдат-дэзэртэраў), якіх сьледчым удалося апытаць падчас 16 паездак ва Ўкраіну.

Дакумэнт будзе прадстаўлены на наступным тыдні, аднак журналістам стала вядома пра яго зьмест. Паводле зьвестак ВВС, у ім расказваецца пра сыстэматычныя катаваньні ўкраінскіх ваеннапалонных, абстрэлы і бамбардаваньні мірных жыхароў.

Украінскіх ваеннапалонных, як стала вядома аўтарам дакладу, рэгулярна зьбіваюць, катуюць электрашокам і нават наносяць калецтвы. Былы палонны, які знаходзіўся ў калёніі ў Тульскай вобласьці Расеі, расказаў, што яго «пастаянна катавалі, у выніку чаго ў яго былі пераламаныя косьці, выбітыя зубы, а на параненай ступні разьвілася гангрэна». «Я страціў усялякую надзею і волю да жыцьця», — сказаў ён.

Паводле яго слоў, у нейкі момант боль ад катаваньняў стаў настолькі невыносны, што ён пачаў маліць сваіх катаў аб сьмерці. Пасьля вызваленьня з палону вайскоўца шпіталізавалі 36 разоў.

У дакладзе зафіксаваныя выпадкі катаваньняў сэксуальнага характару і пагрозы згвалтаваньня ў дачыненьні да ваеннапалонных-мужчын, а таксама сэксуалізаванага гвалту ў дачыненьні да жанчын пры абставінах, якія прыраўноўваюцца да катаваньняў.

Расейскія вайскоўцы падчас апэрацый ва Ўкраіне, як адзначаецца, падвяргаюць жылыя раёны і цывільныя аб’екты невыбарковым бамбардаваньням, таксама маюць месца згвалтаваньні і зьдзекі над мірнымі жыхарамі Ўкраіны.

Па словах кіраўніка камісіі Эрыка Мэсэ, факты сьведчаць, што расейскія ўлады парушалі міжнароднае заканадаўства ў сфэры правоў чалавека і міжнароднае гуманітарнае права. Паводле яго слоў, неабходна правесьці далейшае расьсьледаваньне, каб вызначыць, ці могуць некаторыя з выяўленых сытуацый уяўляць сабой злачынствы супраць чалавечнасьці.

Увосень 2023 году Міжнародная камісія ААН па расьсьледаваньні парушэньняў ва Ўкраіне зафіксавала факты, калі расейскія вайскоўцы да сьмерці катавалі ўкраінцаў на акупаваных тэрыторыях Херсонскай і Запароскай абласьцей. У асноўным катаваньні зазнавалі ўкраінцы, якіх абвінавачвалі ў перадачы зьвестак пра армію РФ украінскім узброеным сілам.

У верасьні 2022 году Мэсэ заяўляў, што «расейскае войска зьдзяйсьняе ваенныя злачынствы ва Ўкраіне ў велізарным маштабе». Сярод задакумэнтаваных камісіяй ваенных злачынстваў расейцаў супраць украінцаў — пакараньні сьмерцю, катаваньні, сэксуальны гвалт і злачынствы супраць дзяцей, маштабныя абстрэлы і бамбардаваньні населеных пунктаў.

Сьледчая камісія ААН па Ўкраіне была арганізаваная ў маі 2022 году, пасьля таго як сьвет даведаўся пра ваенныя злачынствы, учыненыя расейскай арміяй у Бучы, Ірпяні і іншых населеных пунктах Кіеўскай вобласьці. Да працы ва Ўкраіне сьледчая камісія прыступіла ў чэрвені таго ж году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG