Рэальныя наяўныя даходы беларусаў у студзені вырасьлі на 5,1% да таго ж месяца мінулага года, паведамляе сайт «Люстэрка» са спасылкай на Белстат.
Галоўнай крыніцай даходаў беларусаў застаецца зарплата — 63,7% ад усіх даходаў складае аплата працы. Даходы ад прадпрымальніцкай і іншай дзейнасьці — 8,4%, трансфэрты насельніцтву (пэнсіі, дапамогі, стыпэндыі і іншыя) — 22,9%, даходы ад уласнасьці і іншыя даходы — 5%.
Па выніках мінулага года рост рэальных даходаў склаў 6,3 працэнта. Гэта значыць студзеньскі рост рэальных даходаў адкаціўся да ўзроўню студзеня — жніўня мінулага года — тады ён таксама быў 5, 1%.
Як вынікае са статыстыкі, заробкі беларусаў працягваюць расьці: у студзені прырост быў у рэальным выражэньні на 11,3%.
Урад прагназуе, што ў 2024 рэальны заробак павінен вырасьці на 3,9% да гэтага года. Сярэднямесячная зарплата па краіне можа павялічыцца да 2087 рублёў (сума да выплаты падаткаў), у тым ліку ў бюджэтнікаў — да 1634 рублёў.
Эканаміст Зьміцер Крук раней зьвяртаў увагу, што беларускія кампаніі будуць вымушаныя падвышаць заробкі супрацоўнікам, калі грамадзка-палітычная сытуацыя ў Беларусі ў 2024 годзе не зьменіцца і праблема міграцыі насельніцтва не зьнікне.
«Якія выяжджаюць людзі вызваляюць працоўныя месцы — і ў многіх фірмах становіцца дастаткова актуальнай праблема недахопу кадраў», — адзначаў Дзьмітрый Крук.