Каля 40 дзяўчынак і хлапчукоў з акупаванай Херсоншчыны амаль два тыдні будуць знаходзіцца ў рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры «Лясная паляна» ў Горадзенскай вобласьці, піша «Спутник». У сваім матэрыяле расейскія прапагандысты шмат пішуць пра канкрэтныя сямейныя выпадкі, пра бамбаваньні і разбурэньні ад вайны, але ня пішуць, што робяць у рэгіёне расейскія акупанты.
Прадстаўнік дабрачыннага фонду Аляксея Талая па Гомельскім рэгіёне Юлія Малава расказала, што першыя групы дзяцей, якія прыяжджалі з Данбасу на аздараўленьне ў Беларусь, цікавіліся, ці ня будуць іх лаяць за расейскую мову, і зьдзіўляліся, што вакол спакойна, а на вакзале не даглядаюць.
«Упершыню Беларусь прымае дзяцей на аздараўленьне зь Херсонскай вобласьці, раней ня мелі такой магчымасьці. У прыярытэце дзеці са шматдзетных сем’яў, эвакуаваных з зоны баявых дзеяньняў, тыя, у якіх не засталося нават жыльля, у кагосьці загінуў бацька ў зоне СВА (так расейцы і іхныя хаўрусьнікі называюць захопніцкую вайну супраць Украіны — заўв.Свабоды), дзеці-інваліды, сіроты», — расказала Малова.
Яна адзначыла, што фонд перадаў дзецям пітную ваду і кандытарскія вырабы.
У сваю чаргу кіраўнік групы школьнікаў зь Херсонскай вобласьці Ірына паведаміла, што ў асноўным у Беларусь прыехалі дзеці з самога Херсону, бо гэты рэгіён найбольш пацярпеў падчас баявых дзеяньняў. Цяпер яны разам зь сем’ямі жывуць у розных абласьцях Расеі. Таксама ў групе дзеці з Новай Кахоўкі, Наватроіцкага і Генічэску.
Зь беларускай сталіцы дзеці адправяцца на аўтобусе ў рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтар «Лясная паляна» Горадзенскай вобласьці. Апроч аздараўленьня іх чакаюць культурна-забаўляльная і спартовая праграмы, дакладаюць прапагандысты.
Ва ўласным расьсьледаваньні Свабода паказала, што такія паездкі дзяцей у Беларусь зьяўляюцца адной з формаў ідэалягічнай апрацоўкі непаўналетніх, далучэньні іх да расейскага погляду на гісторыю і грамадзтва, зь імі праводзіцца антыўкраінская і антызаходняя прапаганда.