Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дывэрсія ці новая лінія фронту. Што адбываецца ў Белгарадзкай і Курскай абласьцях на мяжы Расеі і Ўкраіны


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

13 сакавіка гэтыя падзеі пракамэнтаваў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.

Другі дзень запар Расея паведамляе пра інтэнсіўную атаку дронамі з украінскага боку, а расейскія грамадзяне, якія ваююць на баку Ўкраіны ў складзе сфармаваных з расейцаў трох батальёнаў, паведамляюць пра захоп часткі аднаго населенага пункту на расейскай тэрыторыі.

13 сакавіка гэтыя падзеі пракамэнтаваў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.

Свабода сабрала інфармацыю, якую агучвалі ў Расеі і ва Ўкраіне цягам гэтых двух дзён. Аднак пацьвердзіць яе ці зьняпраўдзіць ва ўмовах вайны немагчыма.

У Расеі не прызнаюць, што на іх тэрыторыю са зброяй у руках увайшлі расейскія грамадзяне

Празь некалькі гадзін, калі інфармацыя пра ўварваньне ў Белгарадзкую і Курскую вобласьці з боку Ўкраіны пачала зьяўляцца ў сацыяльных сетках, Міністэрства абароны Расеі паведаміла пра «зрыў спробы кіеўскага рэжыму зьдзейсьніць прарыў на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі».

Яшчэ празь некалькі гадзін расейская прапаганда пачала расказваць са спасылкай на сваіх вайскоўцаў, што ў пасёлку Цёткіна Курскай вобласьці «працягваецца мірнае жыцьцё, безь якіх-небудзь абмежаваньняў працуюць крамы, дзяржаўныя ўстановы і грамадзкі транспарт».

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у інтэрвію дзяржаўным СМІ таксама падтрымаў заявы аб спробе ўкраінскіх войскаў прарвацца.

«Усё гэта адбываецца на тле няўдач на лініі судакрананьня, на лініі фронту. Ніводнай мэты, якую яны ставілі перад сабой летась, яны не дасягнулі», — сказаў Пуцін.

Расейскі прэзыдэнт лічыць, што падзеямі ў Курскай і Белгарадзкай вобласьцях «кіеўскі рэжым» імкнецца хоць нешта паказаць на тле сваіх няўдач, факусуючы сваю ўвагу на «інфармацыйным баку справы».

Ва Ўкраіне зьняпраўджваюць датычнасьць да «апэрацыі» на мяжы

Ва Ўкраіне заявілі, што ня маюць дачыненьня да падзеяў на мяжы з Курскай і Белгарадзкай вобласьцямі.

Прадстаўнік украінскай вайсковай выведкі сказаў, што на тэрыторыі Расеі знаходзяцца грамадзяне Расеі.

«Яны маюць на гэта права», — сказаў Андрэй Юсаў у этэры «Настоящего времени». Ён падкрэсьліў, што батальёнамі, сфармаванымі зь ліку расейскіх грамадзян, вайсковае камандаваньне Ўкраіны кіруе толькі тады, калі яны знаходзяцца на ўкраінскай тэрыторыі.

Нягледзячы на тое, што адначасовыя інтэнсіўныя атакі дронамі і спроба прарвацца на расейскую тэрыторыю — наўрад ці выпадковы зьбег абставін, украінскія ўлады не прызнаюць сваёй адказнасьці за абедзьве гэтыя падзеі на тэрыторыі Расеі.

Хто ўдзельнічае ў апэрацыі

Расейскія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Ўкраіны, а таксама ўкраінская вайсковая выведка паведамілі, што ў апэрацыі задзейнічаныя тры батальёны — Легіён «Свабода Расеі», Расейскі добраахвотніцкі корпус і Сібірскі батальён.

Вядома, што частка расейскіх добраахвотнікаў — колішнія ўдзельнікі розных ультраправых арганізацый. У цэлым гэта людзі рознай адукацыі, сацыяльных клясаў і палітычных поглядаў, якія выступілі супраць імпэрскай палітыкі Пуціна.

Раніцай 13 сакавіка ў Легіёне «Свабода Расеі» паведамілі, што байцы начавалі «ў родных краях».

«Дома і дыхаць лягчэй, і адпачываць прыемней», — напісалі яны.

Пазьней яны паведамілі, што «вызвалілі» частку пасёлку Цёткіна ў Курскай вобласьці.

Свае паведамленьні яны суправаджаюць відэазапісамі, у тым ліку тымі, на якіх можна пабачыць уцёкі, імаверна, расейскіх вайскоўцаў.

Страты бакоў невядомыя

У Мінабароны Расеі сьцьвярджаюць, што на памежнай з Ўкраінай тэрыторыі Белгарадзкай вобласьці «прафэсійнымі дзеяньнямі падразьдзелаў прыкрыцьця дзяржаўнай мяжы, ударамі апэратыўна-тактычнай і армейскай авіяцыі з выкарыстаньнем супрацьтанкавых ракет „Вихрь“ зьнішчылі больш за 100 баевікоў, пяць танкаў, тры баявыя машыны пяхоты „Bradley“ вытворчасьці ЗША і два аўтамабілі, якія накіроўваліся ў бок мяжы Расейскай Фэдэрацыі».

Паводле расейскага вайсковага ведамства, адбітыя «чатыры атакі ўкраінскіх дывэрсійна-выведных груповак, якія спрабавалі прарвацца на памежную тэрыторыю ў раёне населенага пункту Цёткіна Курскай вобласьці».

Расейскія добраахвотнікі паабяцалі паведаміць пра свае страты пазьней.

У Белгарадзе і Курску ўвесь дзень гучаць трывогі

Нягледзячы на тое, што ў Расеі заявілі пра спыненьне атакі на мяжы, у Белгарадзкай і Курскай вобласьцях пэрыядычна гучаць паветраныя трывогі.

Паводле ўладаў Белгарадзкай вобласьці, у выніку «абстрэлаў з боку Ўкраіны» 11 чалавек атрымалі раненьні. Ёсьць пашкоджаньні ў жылым і энэргетычным сэктары.

Удзень 13 сакавіка, пасьля 12-й гадзіны, расейскія добраахвотнікі выступілі з супольнай заявай, у якой зьвярнуліся да жыхароў Белгараду і чыноўнікаў гарадзкой адміністрацыі і папярэдзілі іх пра ўдар па вайсковых пазыцыях у Белгарадзе і Курску.

«Каб пазьбегнуць ахвяр сярод цывільнага насельніцтва, мы заклікаем усіх тэрмінова выехаць з гарадоў. Мясцовыя ўлады мы заклікаем захаваць жыцьці грамадзян і пачаць эвакуацыю з гарадоў Куршчыны і Белгарадчыны», — гаворыцца ў заяве.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG