Падчас атакі на Крывы Рог загінулі сама меней тры чалавекі, паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай абласной адміністрацыі Сяргей Лісак.
Паводле апошніх зьвестак, пацярпелі 38 чалавек, сярод іх сямёра дзяцей. Лічбы не канчатковыя, бо пошукава-ратавальныя працы працягваюцца, адзначыў Лісак.
Паводле старшыні рады абароны гораду Аляксандра Вілкула, зафіксавалі сама меней тры «трапляньні», у тым ліку прамое трапляньне ў дзевяціпавярховы будынак, а таксама ў дах пяціпавярховага будынку.
Расея штодзень атакуе тэрыторыю Ўкраіны. Так, у ноч на 10 сакавіка расейскія вайскоўцы абстралялі Мірнаград у Данецкай вобласьці. У выніку ракетнага ўдару пацярпелі 12 чалавек. У горадзе пашкоджаныя сама меней 17 шматпавярховых дамоў. Адначасова з гэтым Расея запусьціла па Ўкраіне 39 «Шахедаў». Зь іх зьбілі 35 — у Кіраваградзкай, Мікалаеўскай, Днепрапятроўскай, Чаркаскай, Адэскай, Херсонскай, Хмяльніцкай, Віньніцкай, Кіеўскай і Жытомірскай абласьцях.