Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Легіён «Свабода Расеі» паведаміў аб прарыве ўкраінска-расейскай мяжы

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Украінскія тэлеграм-каналы і праваенныя расейскія блогеры паведамілі аб імаверным прарыве мяжы з боку Ўкраіны ў Курскай і Белгарадзкай вобласьцях.

Паводле папярэдніх зьвестак, мяжу ў рамках сумеснай апэрацыі перайшлі ўзброеныя фармаваньні Легіён «Свабода Расеі», Расейскі добраахвотніцкі корпус і Сібірскі батальён. Яны складаюцца ў асноўным з расейцаў, якія ваююць на баку Ўкраіны.

У Курскай вобласьці баі, згодна з паведамленьнямі, разгарнуліся ў раёне населенага пункту Цёткіна. Таксама ў сеціве зьявілася відэа, на якім, як сьцьвярджаецца, украінскі танк едзе па ўскраіне белгарадзкага пасёлку Горкаўскі.

З словаў расейскага апазыцыйнага палітыка Ільлі Панамарова, які жыве ў Кіеве і якога зьвязваюць з адным з добраахвотніцкіх падразьдзелаў, прымежнае паселішча Лазавая Рудка ў Белгарадзкай вобласьці «цалкам пад кантролем вызваленчых сілаў».

Легіён «Свабода Расеі» раніцай у аўторак апублікаваў відэа, зь якога вынікае, што атака можа быць зьвязана з плянаванымі выбарамі прэзыдэнта Расеі. Пазьней у тэлеграм-канале Легіёну зьявілася відэа, на якім, як сьцьвярджаецца, зафіксаваны пераход мяжы.

Расейскі праваенны канал WarGonzo з спасылкай на крыніцы піша, што мяжу з боку Харкаўскай вобласьці спрабавалі прарваць каля 50 чалавек. Яны нібыта былі адкінутыя на зыходныя пазыцыі. WarGonzo таксама паведамляе, што дывэрсанты спрабавалі трапіць у Цёткіна, але іх адціснулі.

Карэспандэнт расейскага дзяржаўнага каналу ВГТРК Андрэй Рудэнка паведаміў, што раніцай у аўторак узброеныя фармаваньні на бронетранспартэрах спрабавалі правесьці «выведку боем» у Курскай вобласьці. Паводле зьвестак Рудэнкі, частка дывэрсантаў загінула, «астатнія адышлі».

Расейскай службе Радыё Свабода ўдалося геалякаваць відэа Легіёна з ударам па БТР. Ён знаходзіўся ў цэнтры пасёлка на вуліцы Леніна паміж дамамі 162 і 164.

Паведамляецца, што ў Цёткіне раненьні атрымалі два чалавекі. Паводле «Базы», адзін з параненых — мясцовы жыхар. Інфармацыя пра другога ўдакладняецца. Паводле папярэдніх зьвестак, бой там працягваецца. Працуе артылерыя.

Афіцыйна Масква і Кіеў паведамленьня аб прарыве мяжы ў дзьвюх расейскіх вобласьцях не камэнтавалі.

Прадстаўнік вайсковай выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Андрэй Юсаў у размове з прэсай адзначыў, што Легіён «Свабода Расеі», Расейскі добраахвотніцкі корпус і Сібірскі батальён на тэрыторыі Расеі дзейнічаюць як самастойныя падразьдзелы, бо складаюцца з расейцаў.

«Яны, у рэшце рэшт, знаходзяцца ў сябе дома. Імаверна, зараз адбываецца сумесная апэрацыя гэтых падразьдзелаў», — падае словы Юсава ўкраінскі «24 Канал».

Вядома, што частка байцоў расейскіх добраахвотнікаў — колішнія ўдзельнікі розных ультраправых арганізацый. У цэлым яны складаюцца зь людзей рознай адукацыі, сацыяльных клясаў і палітычных поглядаў, якія выступілі супраць імпэрскай палітыкі Пуціна.

Міністэрства абароны Расеі пацьвердзіла баявыя дзеяньні на мяжы. Паводле яго вэрсіі, спроба ня ўдалася.

Ва ўмовах баявых дзеяньняў апэратыўна праверыць заявы бакоў немагчыма.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG