Адпаведную рэзалюцыю польскі парлямэнт прыняў 7 сакавіка. Яе тэкст апублікавалі на сайце Сэйму.
На думку дэпутатаў, закупка ў Беларусі і Расеі прадуктаў харчаваньня і сельскагаспадарчай прадукцыі «надалей прыносіць велізарныя даходы» Менску і Маскве.
«Наш маральны абавязак — спыніць гандаль, які можа проста ці ўскосна спрыяць умацаваньню здольнасьці Расеі і Беларусі, якая яе падтрымлівае, працягваць вайну з Украінай. Тым больш што расейскі імпарт можа ўключаць збожжа, скрадзенае з акупаваных тэрыторыяў Украіны», — гаворыцца ў рэзалюцыі.
Падкрэсьліваецца, што гандаль зь Беларусьсю і Расеяй «аказвае нэгатыўны ўплыў на адзіны [эўрапейскі] рынак».
«Расея працягвае сваю стратэгію трактаваньня харчу як зброі, выклікаючы збоі ў пастаўках украінскай сельскагаспадарчай прадукцыі ўва ўсім сьвеце. Таму галоўным прыярытэтам ЭЗ павінен стаць працяг падтрымкі Украіны ў аднаўленьні экспарту яе тавараў у краіны, якія ў гэтым больш за ўсё маюць патрэбу. Гандаль харчаваньнем і сельскагаспадарчай прадукцыяй ня можа надалей падтрымліваць жорсткі расейскі рэжым і яго памагатых у Менску», — заяўляецца ў дакумэнце.
Разам з тым Сэйм адзначае, што ЭЗ варта таксама прыняць захады для «абароны адчувальных сэктараў эўрапейскага рынку ад празьмернага імпарту з Украіны».
«Чакаем, што Эўракамісія ў тэрміновым парадку правядзе працу, накіраваную на хутчэйшае вяртаньне правілаў, якія вынікаюць з Пагадненьня аб асацыяцыі паміж ЭЗ і Ўкраінай», — падкрэсьліваюць польскія парлямэнтарыі.
Таксама Сэйм заклікаў «прыпыніць і выправіць» укараненьне ў адзінае заканадаўства «празьмерных, неразумных і дарагіх» палажэньняў «зялёнага курсу», якія ўводзяць дадатковыя патрабаваньні да сельскай гаспадаркі.
«Дзеяньні дзеля абароны клімату павінны ўлічваць рэальныя патрэбы і магчымасьці эўрапейскіх фэрмэраў», — гаворыцца ў дакумэнце.
Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск 4 сакавіка заявіў пра намер ініцыяваць увядзеньне «поўных санкцыяў» на ўвоз у Эўразьвяз сельскагаспадарчых і харчовых тавараў зь Беларусі і Расеі.
Паводле яго, «агульнаэўрапейскае рашэньне [аб увядзеньні такіх санкцыяў] будзе непараўнальна больш эфэктыўным, чым асобныя рашэньні краін рэгіёну».
«Ідзецца пра тое, каб зрабіць санкцыі больш рэалістычнымі і ўзмацніць іх у сувязі з нападам Расеі на Ўкраіну і супрацоўніцтвам Беларусі з Расеяй», — сказаў Туск.