Паводле яго, старшынём групы быў абраны дэпутат Сэйму, старшыня Парлямэнцкай асамблеі NATO Міхал Шчэрба, намесьнікамі старшыні — віцэ-сьпікер Сэнату Міхал Каміньскі і сэнатар Богдан Барусэвіч, піша «Позірк».
Латушка паведаміў, што неўзабаве сустрэнецца зь Міхалам Шчэрбам.
«Важным зьяўляецца акцэнтаваньне большай увагі на праблемах, зьвязаных з масавым парушэньнем правоў чалавека ў Беларусі, вызваленьнем палітзьняволеных, прыцягненьнем да адказнасьці Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў за злачынствы супраць беларускага і ўкраінскага народаў», — зазначыў палітык.
Таксама Латушка заявіў, што НАУ будзе ініцыяваць сумесныя слуханьні Сэйму і Сэнату Польшчы аб сытуацыі ў Беларусі для «выпрацоўкі канкрэтных дзеяньняў дзеля падтрымкі барацьбы беларускага грамадзтва і дэмакратычных сілаў нашай краіны».
Аб слуханьнях размова ішла напярэдадні на сустрэчы Латушкі з старшынём камісіі замежных справаў Сэнату Гжэгажам Схэтынам і дарадцам старшыні Сэнату ў пытаньнях польскай нацыянальнай меншасьці Робэртам Тышкевічам.
Абмеркаваныя «магчымыя дзеяньні для вызваленьня палітзьняволеных, у тым ліку намесьніка кіраўніка Саюзу палякаў Беларусі Анджэя Пачобута, і праблемы беларускай дыяспары ў Польшчы», паведамляе прэс-служба АПК.
«Крытычную сытуацыю з палітвязьнямі [у Беларусі] неабходна трымаць у фокусе палітыкаў і мэдыя», — заявіў Схэтына.
На думку польскага палітыка, «найлепшае для дыктатараў — гэта цішыня», таму «вельмі важна працягваць публічна адстойваць інтарэсы беларускага грамадзтва, якое выступае супраць вайны і імкнецца да дэмакратыі, нягледзячы на прапаганду рэжыму і расейскі ўплыў».
Павал Латушка дамовіўся зь Міхалам Шчэрбам аб працоўнай сустрэчы ў найбліжэйшы час.
Плянуецца абмеркаваць сумесныя слуханьні Сэйму і Сэнату Польшчы аб Беларусі, прыняцьце рэзалюцыі аб сытуацыі ў Беларусі з мэтай выпрацаваньня дзеяньняў для падтрымкі барацьбы беларускага грамадзтва і дэмакратычных сілаў, паведамілі ў АПК.