Польскі палітычны аглядальнік, журналіст выданьня «Dziennik Gazeta Prawna» Міхал Патоцкі расказвае, чаму пры новым польскім урадзе адносіны Варшавы зь Менскам не палепшыліся, тлумачыць, чаму не падзейнічалі камплімэнты Лукашэнкі на адрас палякаў, і прагназуе, пры якім разьвіцьці падзеяў зноў паўстане пытаньне пра поўнае закрыцьцё мяжы.
Сьцісла:
- Міністрам замежных справаў стаў Радаслаў Сікорскі, які мае досьвед стасункаў з Лукашэнкам і лічыць, што Лукашэнка яго падмануў у 2010 годзе.
- Калі б Лукашэнка вызваліў Пачобута — Варшава адрэагавала б на гэта адкрыцьцём памежнага пераходу.
- «Лукашэнка ня любіць ПІС, і Туск ня любіць ПІС, і давайце на гэтым пабудуем нешта супольнае», — калі Лукашэнка і сапраўды на такое разьлічваў, то ён памыляўся.
- Як урад Маравецкага быў адвакатам беларускай дэмакратыі, так і ўрад Туска будзе такім адвакатам.
— Некаторыя аглядальнікі выказвалі вэрсіі, што пасьля прыходу новага ўраду ў Польшчы ў беларуска-польскіх адносінах могуць адбыцца пэўныя зьмены. Выказваліся нават меркаваньні, што Менск можа вызваліць Анджэя Пачобута альбо зрабіць яшчэ нешта, каб заахвоціць новую ўладную кааліцыю ў Польшчы да зьмякчэньня пазыцыі. Але нічога станоўчага не адбылося — хутчэй, наадварот: мы назіраем сэрыю канфліктных крокаў з абодвух бакоў. Чаму?
— Адразу пасьля зьмены ўраду ў Польшчы я казаў, што мяч цяпер на баку менскага рэжыму. Калі яны зробяць нейкія крокі — напрыклад, вызваляць Пачобута — тады магчымыя і нейкія крокі ў адказ з боку Варшавы. Мы сёньня ўжо разумеем, што нічога станоўчага не адбылося. Сям’я Пачобута па-ранейшаму ня ведае нават, што зь ім. Натуральна, што ў такой сытуацыі чакаць чагосьці ад Варшавы не даводзіцца.
Больш за тое, незалежна ад словаў Лукашэнкі, што «ПІС апісяўся, і палякі малайцы, паказалі...» — за гэтымі словамі дзеяньняў не было. Наадварот, зараз мы назіраем новую кампанію супраць камэрцыйных курсаў польскай мовы ў Беларусі. Ёсьць мінімум 10 кампаніяў, якія праводзілі гэтыя курсы, і да іх прыйшлі КДБ альбо ГУБАЗІК. Гэта працяг палітыкі супраць усялякага польскага кантэксту ў Беларусі.
Натуральна, што ў такой атмасфэры чакаць нейкіх зьменаў у беларуска-польскіх адносінах ня трэба. Тым больш што міністрам замежных справаў стаў Радаслаў Сікорскі, які мае досьвед стасункаў з Лукашэнкам і лічыць, што Лукашэнка яго падмануў у 2010 годзе. І ён, у тым ліку і з прычыны свайго характару, ня будзе спрабаваць ісьці на саступкі рэжыму Лукашэнкі.
— Вы кажаце, што мяч быў на баку беларускага рэжыму. Але, можа, Менск зь нейкіх прычынаў лічыў, што мяч на баку Варшавы? Лукашэнка мог думаць, што вось ён зрабіў камплімэнт палякам — і цяпер яны павінны неяк адказаць. Ці разглядалася ўнутры ўлады альбо ў польскай прэсе магчымасьць зрабіць самім нейкі крок, ці гэта выглядала неабгрунтавана і беспэрспэктыўна?
— Ня думаю, што Варшава магла зрабіць нейкі крок — бо насамрэч зусім няшмат такіх крокаў, якія ў прынцыпе магчыма зрабіць «насустрач» Менску. За пахвалу ад Лукашэнкі адчыніць памежныя пункты? Ну, ня ведаю. Санкцыі зьняць? Гэта агульнае рашэньне Эўразьвязу, і было б дзіўнавата, каб Польшча ў абмен на нейкія сумнеўныя камплімэнты ад Лукашэнкі пачала лабіраваць зьняцьцё санкцыяў. Не прымаць Ціханоўскую? Абсурд.
Так што ўсё залежала ад Лукашэнкі. Вызваліш Пачобута — адкрыем адзін пераход. Вызваліш яшчэ больш людзей — будзем размаўляць пра нешта іншае. Урэшце, я думаю, ніхто асабліва сур’ёзна не разьлічваў, што Лукашэнка можа нешта зрабіць у гэтым рэчышчы.
— Сьвятлана Ціханоўская разам зь іншымі прадстаўнікамі беларускай дэмакратычнай супольнасьці днямі прыяжджала зь візытам у Варшаву, і найвышэйшыя польскія палітыкі называлі яе «абранай прэзыдэнткай». Сярод іншага, гэта таксама можна разглядаць як адказ Варшавы на рэпрэсіўныя дзеяньні Менску. Чаго можна чакаць далей?
— Пасьля сустрэчаў Ціханоўскай і яе кабінэту зь міністрамі новай улады я размаўляў зь некаторымі членамі беларускай дэлегацыі, і яны вельмі пазытыўна ацанілі вынікі сустрэчаў, новыя прапановы і ініцыятывы. Гэта і спробы стварыць Беларускі інстытут пры Варшаўскім унівэрсытэце, альбо ўвогуле ідэя стварыць Беларускі ўнівэрсытэт, сумесныя рабочыя групы офісу Ціханоўскай і польскага ўраду і гэтак далей.
Гэта таксама паказвае, што спадзяваньні Лукашэнкі на тое, што вось прыйдзе Туск, і Лукашэнка будзе зь ім сябраваць, бо Лукашэнка ня любіць ПІС і Туск ня любіць ПІС, і давайце на гэтым пабудуем нешта супольнае, — калі Лукашэнка і сапраўды на такое разьлічваў, то ён памыляўся. Візыт і фармат візыту Ціханоўскай у Варшаву даказвае гэта вельмі добра.
— Ці можна сказаць, што Польшча і пры новым урадзе будзе выступаць пэўным адвакатам беларускай дэмакратычнай супольнасьці ў Эўразьвязе, лякаматывам у гэтай справе? Будзе імкнуцца пераконваць сваіх заходніх партнэраў, каб актыўней падтрымлівалі беларускую дэмакратыю?
— Я думаю, так і будзе. Тут незалежна ад таго, хто ў Польшчы пры ўладзе (пры тым, што могуць мяняцца нейкія нюансы), падмурак стаўленьня мяняцца ня будзе. Як урад Маравецкага быў такім адвакатам, так і ўрад Туска будзе такім адвакатам. Польшча будзе дапамагаць, як і дапамагала.
— А калі менскі рэжым яшчэ больш узмоцніць свае адміністратыўныя, юрыдычныя і гуманітарныя рэпрэсіі супраць усяго, што зьвязана з польскай культурай і палітыкай? Тут і моўныя курсы, і помнікі, і абмежаваньні для грамадзян Беларусі з «картай паляка». Чым у такім выпадку можа адказаць Варшава?
— Рэпрэсіі ў Беларусі на такім высокім узроўні, што цяжка нават і сказаць, што яшчэ можна зрабіць. Але, вядома, Варшава мае пэўныя магчымасьці.
Можна ўвогуле зачыніць польска-беларускую мяжу. Гэта ж ужо абмяркоўвалася, калі ў Беларусі зьявіліся вагнэраўцы. І тады Польшча дамаўлялася на вельмі высокім узроўні зь Літвой і Латвіяй, што калі вагнэраўцы пачнуць нейкія правакацыі, то ўсе тры дзяржавы зачыняць мяжу.
Думаю, калі Менск пойдзе на абвастрэньне рэпрэсіяў супраць польскасьці, то Варшаве давядзецца вярнуцца да ідэі зачыніць мяжу. Хоць, вядома, тут ёсьць і гуманітарны аспэкт, бо гэта створыць праблемы для беларускіх грамадзян, якія ўцякаюць зь Беларусі альбо проста езьдзяць у Эўропу. І гэты гуманітарны аргумэнт працаваў і тады, калі абмяркоўвалася ідэя зачыніць мяжу ўвогуле.