Кіраўніца аб’яднанага прэсавага цэнтру Сіл абароны поўдня Ўкраіны Натальля Гумянюк заявіла, што расейцы не спыняюць напады на прыпартовую інфраструктуру Адэсы.
«Расея — тэрарыст, і яна відавочна працягвае атакаваць прыпартовую інфраструктуру. Так, па Адэсе нанесьлі ракетны ўдар, імаверна, балістычнай зброяй, з пацэльваньнем у адно з памяшканьняў прыпартовай інфраструктуры. Але гэта ніякім чынам не зьвязана з канкрэтным візытам. Гэта зьвязана з тэрорам, які вораг дастаткова мэтадычна праводзіць», — сказала Натальля Гумянюк у этэры праекту Радыё Свабода «Донбасс. Реалии».
Кіраўніца аб’яднанага прэсавага цэнтру Сілаў абароны поўдня Ўкраіны таксама нагадала, што Расея атакавала інфраструктуру Адэсы перад падпісаньнем збожжавай дамовы і пасьля яе заканчэньня.
6 сакавіка грэцкая газэта «Прото Тэма» паведаміла, што Расея нанесла ракетны ўдар па картэжы прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага ў Адэсе. Гэта адбылося падчас візыту ў горад прэм’ер-міністра Грэцыі Кірыякаса Міцатакіса.
Пазьней на прэсавай канфэрэнцыі ў Адэсе Ўладзімір Зяленскі пацьвердзіў факт удару і сказаў, што ёсьць ахвяры.
«Мы сёньня бачылі гэты ўдар. Вы бачыце, з кім маем справу, ім усё роўна, куды біць. Я ведаю, што сёньня былі ахвяры, я яшчэ ня ведаю ўсіх падрабязнасьцяў, але ведаю, што ёсьць загінулыя, ёсьць параненыя», — сказаў Зяленскі.