Начальнік дэпартамэнту міжнароднай вайсковай супрацы Міністэрства абароны Беларусі Валеры Равенка назваў «дыскрымінацыяй» адмову Канады запрасіць Беларусь на канфэрэнцыю вэрыфікацыйных цэнтраў, што праводзіцца пад эгідай АБСЭ.
«Выбраны фармат мерапрыемства ня толькі сьведчыць аб негатоўнасьці Захаду да аднаўленьня дыялёгу, але і сьведчыць аб імкненьні і далей ісьці шляхам разьбурэньня ўстойлівай сыстэмы міжнародных дачыненьняў, дэвальвуючы АБСЭ як інклюзіўны мэханізм гарантаваньня бясьпекі», — працытавала Валерыя Равенку прэсавая служба Міністэрства абароны Беларусі.
Прадстаўнік Мінабароны Беларусі не ўдакладніў, калі і дзе адбываецца гэтая канфэрэнцыя. Ён адзначыў, што Канада, «праводзячы канфэрэнцыю вэрыфікацыйных цэнтраў пад сьцягам АБСЭ, вырашыла ня ўлічваць інтарэсы ўсіх дзяржаў-удзельніц і выключыла Рэспубліку Беларусі са сьпісу запрошаных».
У рамках Арганізацыі бясьпекі і супрацы ў Эўропе (АБСЭ) дзейнічае адмысловы Форум па супрацы ў сфэры бясьпекі, у межах якога адбываюцца нарады начальнікаў вэрыфікацыйных цэнтраў. Форум зьяўляецца аўтаномным органам АБСЭ, які ўхвальвае рашэньні, накіраваныя на падтрыманьне ваеннай бясьпекі і стабільнасьці ў рэгіёне. Сярод іх — рэалізацыя захадаў ва ўмацаваньні даверу і бясьпекі, якія рэгулююць абмен вайсковай інфармацыяй паміж дзяржавамі. Да красавіка 2024 году старшынёй Форуму будзе Кіпр. Канада выконвала функцыі старшыні з сьнежня 2023 году.
Валеры Равенка таксама заявіў, што Польшча не перадала Беларусі штогадовую інфармацыю аб вайсковых сілах, а таксама зьвесткі пра вучэньні «Драгун-2024».
Паводле яго, гэтыя вучэньні ўваходзяць у лік тых мерапрыемстваў, зьвесткі аб якіх павінны абавязкова перадавацца сумежным дзяржавам, а іхных прадстаўнікоў запрашаць для назіраньня. У вучэньнях, як адзначае Равенка, удзельнічаюць каля 20 тысяч вайскоўцаў з 10 краін блёку (імаверна, вядзецца аб NATO. — РС).
Валеры Равенка паведаміў, што 14 лютага на пасяджэньні Форуму АБСЭ па супрацы ў сфэры бясьпекі беларускі бок заклікаў Польшчу «вярнуцца да выкананьня міжнародных пагадненьняў і не ісьці шляхам канчатковага руйнаваньня архітэктуры міжнароднай бясьпекі».
«Канструктыўнай рэакцыі ад Польшчы чакана не адбылося», — адзначыў прадстаўнік Міністэрства абароны Беларусі.
Што папярэднічала
31 студзеня ўздоўж межаў Беларусі, Расеі і Ўкраіны пачаліся вайсковыя вучэньні NATO, якія працягнуцца да 31 траўня.
У вайсковых вучэньнях Steadfast Defender 2024, у часе якіх плянуюць удасканаліць абарончыя пляны NATO ва ўмацаваньні эўрапейскай бясьпекі ад патэнцыйнага праціўніка, бяруць удзел каля 90 000 вайскоўцаў з усіх краін Паўночна-атлянтычнага альянсу.
Вучэньні будуць праходзіць да 31 траўня ў два этапы: на першым этапе ў цэнтры ўвагі будзе марское ўмацаваньне праз Атлянтыку і ў Арктыцы, а на другім, які будзе адбывацца зь сярэдзіны лютага да канца траўня, — умацаваньне абароны ва ўсіх сфэрах ад Арктыкі да ўсходняга флянгу.
Вучэньні праходзяць у некалькіх ключавых эўрапейскіх краінах — уздоўж межаў з Расеяй, Беларусьсю і Ўкраінай. У прыватнасьці, адпрацоўваньне абаронных плянаў будзе адбывацца ў Фінляндыі, Эстоніі, Нямеччыне, Грэцыі, Вугоршчыне, Латвіі, Літве, Нарвэгіі, Польшчы, Румыніі, Славаччыне, Швэцыі і Вялікай Брытаніі.