Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У бамбасховішча ніхто ня ходзіць, бо прылятае з мора». Беларуска расказала пра ўдар па Адэсе


Ратавальнікі працуюць, разьбіраючы завалы дома ў Адэсе, у які 1 лютага трапіў расейскі дрон. 3 лютага 2024
Ратавальнікі працуюць, разьбіраючы завалы дома ў Адэсе, у які 1 лютага трапіў расейскі дрон. 3 лютага 2024

Няма вады і сьвятла, людзі грэюцца ў намётавым гарадку каля царквы. Што расказвае адэсітка, якая жыве ў адным двары з пацярпелымі ад удару па шматпавярховіку.

У беларускі Тацяны ў Адэсе жывуць маці і матчына сястра. Калі ў суботу яна даведалася пра чарговы абстрэл Адэсы ракетамі і дронамі «шахед», адразу набрала цётчын тэлефон.

«Як вы, як маці?» Звычайна на такія пытаньні Тацяна атрымлівала дзяжурныя адказы, што ў іх усё нармальна, удар быў, але прыйшоўся па іншым раёне. Але гэтым разам расповед цёткі прымусіў пахвалявацца. Аказалася, што ад удару «шахеда» пацярпеў суседні дом. Маці Тацяны, якой ужо за 80 гадоў, перабралася да сястры. У раёне няма сьвятла і вады, ратавальнікі дагэтуль разьбіраюць завалы. Вось што Тацяна расказала пра сытуацыю ў пацярпелым раёне.

«Вось і да іх прыляцела. Дзякуй Богу, маці жывая, а людзей, дзяцей загінулых вельмі шкада. Целы дагэтуль знаходзяць», — кажа суразмоўца.

Паводле афіцыйных дадзеных, з руінаў пад’езду, які быў разбураны «шахедам», ужо адкапалі 12 целаў, сярод якіх пяцёра дзецей.

«Яшчэ восем чалавек параненыя, і тры лічацца зьніклымі бязь вестак. Але знайшлі аднаго жывога. Працаўнік домакіраўніцтва абсталяваў сабе ў падвале пакойчык і там якраз быў. Дык яго заваліла, але застаўся жывы. Адкапалі. Гэтак цётка казала», — паведаміла Тацяна.

Пра месца падзей жыхары даюць самую мінімальную інфармацыю. Вядома, што здарэньне адбылося ў пасёлку Катоўскага пад Адэсай, але назву вуліцы і нумар дому ніхто не паведамляе — забаронена. Цётка сказала Тацяне, што вышынны жылы дом у гэтым раёне пацярпеў першы раз. «Адтуль могілкі недзе за 5 кілямэтраў, дык раней туды прылятала, а да іх — упершыню», — сказала сваячка Тацяны.

Паводле зьвестак ад сваячкі, жыхары пацярпелага раёну маюць месца, дзе ў выпадку трывогі могуць схавацца ад бомбаў. Але рэдка гэтым карыстаюцца.

«Там насупраць, зусім непадалёк, дзьве школы. Іх прызначылі як бамбасховішчы. Але, па-першае, дамы там высокія, жыхароў у раёне шмат, а месца ў бомбасховішчах мала. Па-другое, людзі проста не пасьпяваюць туды дабегчы, бо ракеты і „шахеды“ прылятаюць з боку мора. Вельмі хутка. Таму амаль ніхто там не хаваецца. Можа цяпер будуць. Маці дык дакладна не хадзіла ў бомбасховішча. Куды ў такім узросьце бегаць па падвалах!» — кажа Тацяна.

Цяпер, паводле Тацяны, жыхары пацярпелага дому і суседніх, дзе кватэры засталіся бяз вокнаў, жывуць у намётах.

«На вуліцы каля царквы ім зрабілі з намётаў такі гарадочак. Яны там і ежу вараць, і могуць абагрэцца. Сьвятла, вады, ацяпленьня ў дамах няма, але абяцаюць сьвятло даць праз пару дзён. Пра газ нічога ня ведаю. Тым, хто зусім застаўся без кватэры, сказалі, што можна ў школе пакуль пасяліцца. Потым будуць ім нешта прапаноўваць. Адзін чалавек туды пайшоў, а астатнія па сваяках і знаёмых разышліся».

Пра лёс часткова разбуранага дому, паводле Тацяны, улады сказалі, што рашэньне, зносіць яго ці рамантаваць, будзе прымаць адмысловая камісія. «Пакуль ніхто ня ведае дакладна, што зь ім будзе», — мяркуе Тацяна.

Дом, у які трапіў расейскі «шахед», мае чатыры пад’езды, дзевяць паверхаў. Цяпер адзін пад’езд цалкам разбураны.

Тацяна вельмі абураная тым, што Расея разьвязала вайну супраць Украіны і рэгулярна абстрэльвае вялікімі ракетамі, дронамі і снарадамі жылыя раёны ўкраінскіх гарадоў. Паводле Тацяны, большасьць жыхароў у Адэсе да вайны гаварыла па-расейску, але цяпер настроі заўважна зьмяніліся.

«Мая стрыечная сястра, якая раней была за Расею, цяпер на гэтую тэму адмоўчваецца. Увогуле настроі мяняюцца. Вось ведаю, што, паводле апытаньняў, перад вайной 25% жыхароў прыхільна ставіліся да Расеі, дык цяпер такіх 17%. Узяць маю маці, дык яна абураецца, што іх бамбяць расейцы. Паводле зьвестак, у горадзе за час вайны разбурана ўжо 50 дамоў», — кажа Тацяна.

Удар па Адэскай вобласьці Расея нанесла ў ноч на суботу, 2 сакавіка, васьмю дронамі-камікадзэ тыпу Shahed-131/136. Паводле афіцыйных зьвестак, сем зь іх зьнішчылі, а адзін трапіў у 9-павярховы дом. Завалы разьбіраюць дагэтуль.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG