Упаўнаважаная ў правах чалавека ў Расеі Тацяна Маскалькова заявіла аб гатоўнасьці перадаць Украіне целы палонных украінцаў, якія нібыта загінулі ў часе катастрофы вайскова-транспартнага самалёта Іл-76 у Белгарадскай вобласьці 24 студзеня.
«Для гэтага ўсё неабходнае з пункту гледжаньня працэдуры ёсьць... Целы можна перадаць паводле дзейных працэдур», — працытавала Тацяну Маскалькову расейскае дзяржаўнае агенцтва «РИА Новости».
Тацяна Маскалькова паведаміла, што падтрымлівае кантакты з украінскім амбудсмэнам Дзьмітром Лубянцом. Яна падкрэсьліла, што расейскі бок мае «пацьверджаньне і ўсе ДНК, якія, паводле экспэртызы, дазваляюць зрабіць ідэнтыфікацыю асобы».
У камэнтары праекту ўкраінскай службы Радыё Свабода «Свобода.Ранок» прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны Андрэй Юсаў паведаміў, што Ўкраіне неаднаразова зьвярталася да Расеі наконт перадачы целаў нібыта загінулых украінскіх ваеннапалонных. «І праца ў гэтым кірунку вядзецца», — сказаў Андрэй Юсаў без дадатковага ўдакладненьня.
У сваю чаргу Дзьмітро Лубінец заявіў, што расейскі бок «пачынае спэкуляваць на тэме падзеньня Іл-76».
«Дагэтуль на маё патрабаваньне Расея не перадала афіцыйных сьпісаў, не пацьвердзіла факту, не дапусьціла міжнародныя арганізацыі на месца трагедыі. Падкрэсьлю, пазыцыя Ўкраіны нязьменная: мы патрабуем празрыстага расьсьледаваньня, доступу да месца падзеньня самалёта, а таксама зь першага дня патрабавалі афіцыйных сьпісаў і рэпатрыяцыі целаў і правядзеньня адпаведных экспэртыз у выпадку пацьвярджэньня», — паведаміў украінскі амбудсмэн у сваім тэлеграм-канале.
24 студзеня над Белгарадам у Расеі ўпаў і потым выбухнуў транспартны самалёт Іл-76, на якім, паводле расейскага Міністэрства абароны, нібыта знаходзіліся 65 палонных украінскіх вайскоўцаў, якіх перавозілі ў Белгарадзкую вобласьць для абмену, 6 чалавек экіпажу самалёта і тры суправаджальнікі.
Ва Ўкраіне пацьвердзілі, што ў той дзень сапраўды плянаваўся абмен палоннымі з Расеяй.
Адразу пасьля інцыдэнту некалькі ўкраінскіх выданьняў, спасылаючыся на свае крыніцы ў Генштабе Ўкраіны, сьцьвярджалі, што на самалёце перавозілі ракеты для комплексу ЗРК С-300 для абстрэлаў Харкаўскай вобласьці і што Іл-76 зьбілі УСУ.
Пазьней выданьні адрэдагавалі навіну, прыбраўшы згадку аб датычнасьці УСУ да падзеньня самалёта.