Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўночная Карэя паставіла Расеі звыш 2,5 млн снарадаў са жніўня 2023 году — матэрыялы расьсьледаваньня


Паўночнакарэйскае ўзбраеньне, архіўнае фота
Паўночнакарэйскае ўзбраеньне, архіўнае фота

Пхэньян і Масква працягваюць адмаўляць гандаль зброяй, аднак высьвятляюцца ўсё новыя факты супрацоўніцтва ў вайсковай сфэры.

Паўночная Карэя са жніўня 2023 году паставіла ў Расею больш за 2,5 мільёна боепрыпасаў. Пра гэта гаворыцца ў расьсьледаваньні вашынгтонскага Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў.

Складальнікі справаздачы прааналізавалі сотні камэрцыйных спадарожнікавых здымкаў і прыйшлі да высновы, што з жніўня 2023 году як мінімум 25 разоў судны заходзілі ў паўночнакарэйскі порт Наджын для пагрузкі боепрыпасаў і іх дастаўкі ў Расею.

Ня менш за 19 суднаў з адключанымі датчыкамі зайшлі ва Ўсходні порт у Расеі для разгрузкі і пагрузкі кантэйнэраў, сьцьвярджаюць расьсьледавальнікі.

Спадарожнікавыя здымкі паўночнакарэйскай чыгуначнай станцыі Туманган на мяжы з Расеяй, атрыманыя ў пэрыяд з кастрычніка 2023 па студзень 2024 году, паказалі беспрэцэдэнтную колькасьць чыгуначных вагонаў розных тыпаў — як на станцыі ў Паўночнай Карэі, так і на станцыі расейскага прыморскага пасёлку Хасан. Узровень чыгуначных перавозак паміж дзяржавамі апошнім часам нашмат вышэйшы, чым у пэрыяд з 2019 па 2023 гг., гаворыцца ў публікацыі.

Аналіз спадарожнікавых здымкаў таксама дазваляе гаварыць, што Расея пашырае інфраструктуру Ціхарэцкага складу боепрыпасаў у Краснадарскім краі, Маздоцкага складу боепрыпасаў і складу на аэрадроме Егарлыцкая ў Растоўскай вобласьці.

У сярэдзіне лютага Генпракуратура Ўкраіны заявіла, што падчас абстрэлаў Расея выкарыстала ня менш за 24 балістычныя ракеты вытворчасьці Паўночнай Карэі. Найбольш масаваную атаку ракетамі, пастаўленымі адтуль, паводле зьвестак украінскага боку, Расея правяла 7 лютага 2024 году. Больш за ўсё ахвяр ад удару гэтай зброяй зафіксавалі 2 студзеня 2024 году падчас абстрэлу Харкава. Тады загінулі тры чалавекі, яшчэ 64 былі параненыя.

У кастрычніку 2023 году дарадца ў нацыянальнай бясьпецы Белага дому Джон Кірбі заявіў, што Паўночная Карэя прадаставіла Расеі партыю ўзбраеньняў. Белы дом апублікаваў здымак, на якім, як сьцьвярджалася, была бачная партыя боепрыпасаў са складу ў Паўночнай Карэі. Узбраеньні пагрузілі на судна пад расейскім сьцягам і адправілі на склад на паўднёва-заходняй мяжы Расеі. Паводле дадзеных Вашынгтону, пастаўка адбылася з 7 верасьня па 1 кастрычніка.

Выведка Паўднёвай Карэі паведамляла, што Паўночная Карэя за тры месяцы адправіла ў Расею мільён снарадаў для артылерыі.

У студзені Кірбі паведаміў, што Паўночная Карэя нядаўна паставіла Расеі тактычныя ракетныя комплексы і балістычныя ракеты для выкарыстаньня ў вайне супраць Украіны. Па словах прадстаўніка Белага дому, Расея ўжо запускала па Ўкраіне паўночнакарэйскія ракеты — падчас масаваных удараў 30 сьнежня і 2 студзеня.

Сем краін — членаў Рады Бясьпекі ААН абвінавацілі Расею ў парушэньні эмбарга на вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва з Пхэньянам. Масква і Пхэньян усе абвінавачаньні наконт гандлю зброяй адмаўлялі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG