Краіны Эўразьвязу 27 лютага зафіксавалі рэкордную з пачатку 2024 году колькасьць мігрантаў, якія спрабавалі нелегальна трапіць на тэрыторыю ЭЗ зь Беларусі, сьведчыць штодзённы аналіз паведамленьняў памежных службаў Польшчы, Літвы і Латвіі, які праводзіць выданьне «Позірк».
За ўчора, 27 лютага, памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін спынілі 74 спробы незаконнага пранікненьня на сваю тэрыторыю: 68 — у Польшчу, 6 — у Літву. Спакойна было толькі на беларуска-латвійскай мяжы.
Да гэтага ў тройку самых напружаных дзён уваходзілі 26 лютага (30 спробаў), 21 лютага (29) і 22 лютага (24).
У лютым у параўнаньні са студзенем актыўнасьць нелегалаў узрасла ў 3,8 раза: памежнікі спынілі 368 такіх спробаў за 27 дзён лютага, у той час як за ўвесь студзень — 96. На літоўскім напрамку мігрантаў стала больш у 6,8 раза (27 супраць 4), на латвійскім — у 10,6 раза (53 супраць 5), на польскім — у 3,3 раза (288 супраць 87).
У лютым колькасьць дзён, калі не было зарэгістравана ніводнай спробы незаконна трапіць у Эўразьвяз зь беларускай тэрыторыі, скарацілася да чатырох (1, 2, 3 і 5 лютага). У студзені спакойных дзён была амаль палова — 15 (4, 7, 8, 12, 13, 16, 20, 21, 23, 25 і 27–31 студзеня).
У 2023 годзе было зафіксавана 42 078 спробаў незаконнай міграцыі празь мяжу Беларусі ў краіны Эўразьвязу, у тым ліку 3959 за студзень — люты.
Мігранцкі крызіс пачаўся пасьля заявы Лукашэнкі
- Міграцыйны крызіс пачаўся на фоне пагаршэньня адносін Беларусі зь Літвой, Латвіяй і Польшчай вясной 2021 году. Аляксандар Лукашэнка тады заявіў, што Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальных мігрантаў у краіны Эўразьвязу, бо праз санкцыі «ў нас на гэта няма ні грошай, ні сіл».
- Увесну 2021 году шматкротнае павелічэньне колькасьці нелегальных мігрантаў спачатку адчула Літва. Пасьля таго як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць мігрантаў, а вяртаць у Беларусь, плыні нелегалаў пераарыентаваліся на Польшчу, а потым на Латвію. Гэта прывяло да напружаньня ў памежнай зоне і пастаянных сутыкненьняў літоўскіх і польскіх памежнікаў зь мігрантамі.
- Для барацьбы з плынямі мігрантаў Літва, Латвія і Польшча пабудавалі загароды на мяжы зь Беларусьсю. Таксама Літва, Латвія і Польшча прынялі рашэньне не ўпускаць мігрантаў на сваю тэрыторыю.
- Зьявіўся шэраг відэадоказаў таго, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
- Кіраўніцтва дзяржаваў Балтыі і Польшчы ўскладае адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ называюць прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.