Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вы катавалі яго жывога, а зараз працягваеце катаваць яго мёртвага». Удава Навальнага патрабуе ад Пуціна аддаць цела палітыка


Юлія Навальная
Юлія Навальная

Удава палітыка Аляксея Навальнага Юлія запісала відэазварот і запатрабавала ад Уладзіміра Пуціна аддаць цела сям’і.

«Дзевяць дзён, як Пуцін забіў Аляксея Навальнага. Але забойства Пуціну падалося мала. Цяпер ён трымае ў закладніках яго цела, зьдзекуецца зь яго маці, прымушае яе пагадзіцца на таемныя пахаваньні, інакш... Інакш, толькі ўдумайцеся, яны пагражаюць, што зробяць штосьці зь целам Аляксея», — кажа Навальная на відэа.

Паводле яе слоў, асабіста Пуцін кіруе тым, што адбываецца з целам Навальнага ў Салехардзе. Яна таксама дадала, што прэзыдэнт Расеі толькі «робіць выгляд», што ён «рэлігійны чалавек», і назвала яго веру «фальшыўкай».

«Вера — гэта не пра пацалаваць абраз. Вера — гэта пра дабро, пра міласэрнасьць, пра выратаваньне. І ніводзін сапраўдны хрысьціянін ніколі не змог бы рабіць тое, што Пуцін робіць зараз ужо з мёртвым Аляксеем», — адзначае ўдава палітыка.

Юлія Навальная лічыць, што сваімі дзеяньнямі Ўладзімір Пуцін і сілавікі «наносіць самую вялікую абразу пачуцьцям вернікаў».

«Аддайце цела майго мужа. Мы хочам, каб яго адсьпявалі, а потым пахавалі па-чалавечы ў зямлі, як гэта прынята ў праваслаўі. Аддайце Аляксея без якіх-небудзь умоў. Вы катавалі яго жывога, а зараз працягваеце катаваць яго мёртвага. Вы зьдзекуецеся над астанкамі памерлага. Немагчыма ўжо прыдумаць большай бесаўшчыны. Вы парушаеце ўсякі закон: і чалавечы, і божы», — сказанае ў канцы звароту.

23 лютага сьледчыя паставілі маці палітыка Аляксея Навальнага Людміле Навальнай ультыматум: альбо яна пагодзіцца на таемнае пахаваньне, альбо апазыцыянэра пахаваюць у калёніі.

Адвакаты маці Навальнага падалі ў СК Расеі заяву з просьбай узбудзіць крымінальную справу па артыкуле аб зьдзеку над целам памерлага.

Днём раней Людміла Навальная запісала відэазварот, у якім паведаміла, што супрацоўнікі СК патрабавалі ад яе пагадзіцца на таемнае пахаваньне палітыка.

«Яны хочуць, каб гэта [пахаваньне Навальнага] было зроблена таемна, без разьвітаньня. Яны хочуць прывезьці мяне на ўскраіну могілак, да сьвежай магілы і сказаць: „Вось тут ляжыць ваш сын“. Я на гэта не згодна», — адзначыла маці Навальнага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG