Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У камісію для ахвочых вярнуцца ў Беларусь сёлета паступіла 12 заяў, рыхтуемся пазбаўляць эмігрантаў грамадзянства — генпракурор Швед

абноўлена

Андрэй Швед. Архіўнае фота
Андрэй Швед. Архіўнае фота

За час працы «камісіі па вяртаньні» на разгляд паступіла 150 заяў, зь іх разгледжана 37, якія адпавядалі ўсім неабходным патрабаваньням, цытуе генпракурора Андрэя Шведа БелТА.

У камісію для тых, хто хоча вярнуцца на радзіму, сёлета паступіла 12 заяў, паведаміў генэральны пракурор Андрэй Швед у Палаце прадстаўнікоў на сумесным паседжаньні Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі, адказваючы на пытаньні дэпутатаў.

Андрэй Швед узначальвае камісію па вяртаньні. Генпракурор сказаў, што ўказам прадоўжаны да 31 сьнежня 2024 году тэрмін для падачы заяў у камісію па разглядзе зваротаў грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой, у пытаньнях учыненьня імі правапарушэньняў.

Паводле яго, за час працы камісіі на разгляд паступіла 150 заяў, зь іх разгледжана 37, якія адпавядалі патрабаваньням улады. Як сказаў Швед, прымаліся розныя рашэньні. Каля дзясятка асобаў вярнуліся і працягваюць жыць у Беларусі.

Апраўдальных выракаў суды не выносілі

Андрэй Швед заявіў таксама, што органы пракуратуры летась у суд накіравалі больш за 1000 крымінальных спраў аб злачынствах так званага экстрэмісцкага характару, фактычна палітычных спраў.

«Пракуроры падтрымлівалі дзяржаўнае абвінавачваньне ў крымінальных справах гэтай катэгорыі ў дачыненьні да паўтары тысячы чалавек. Апраўдальных выракаў суды не выносілі».

Швед пра пазбаўленьне грамадзянства апанэнтаў улады: «Праца ў гэтым напрамку будзе далей весьціся»

Таксама Андрэй Швед заявіў аб гатоўнасьці прымаць рашэньні аб пазбаўленьні апанэнтаў улады грамадзянства.

Швед адзначыў, што ў адносінах да шэрагу апанэнтаў Лукашэнкі ўжо вынесеныя прысуды, таму ён можа гаварыць пра іх як пра злачынцаў.

«Мы ўпэўнена гаворым пра іх як пра злачынцаў і маем справу са злачынцамі. Адпаведна, гэта дазваляе нам прымаць іншыя рашэньні, аж да канфіскацыі маёмасьці і пазбаўленьня грамадзянства, прымаць іншыя меры. Таму ў гэтым напрамку праца далей будзе весьціся», — сказаў ён.

«Гэтыя людзі ня проста замахнуліся на нашу дзяржаўнасьць, на нашую краіну, яны ж робяць і заявы, і дзеяньні канкрэтныя, зьвязаныя з тым, каб учыніць шкоду, эканамічную, з аднаго боку. Ужо гаворка ідзе не пра ўладу, пра дзяржаву, а пра простых людзей (заклікі закрываць прадпрыемствы і ўводзіць санкцыі). Зь іншага боку, робяцца дзеяньні і адкрытыя заявы, зьвязаныя з збройным захопам улады», — сказаў генпракурор.

Летась у Беларусі прынялі папраўкі ў закон аб грамадзянстве, якія дазваляюць пазбавіць грамадзянства асобу, якая знаходзіцца за межамі краіны пры наяўнасьці прысуду беларускага суду, які ўступіў у сілу, які «пацьвярджае ўдзел гэтай асобы ў экстрэмісцкай дзейнасьці або прычыненьне ёю цяжкай шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь». У ліпені летась зацьвердзілі працэдуру пазбаўленьня грамадзянства. Пакуль пра якія-небудзь практычныя падобныя рашэньні не паведамлялася.

  • У лютым 2023 году Лукашэнка падпісаў указ аб стварэньні камісіі па вяртаньні, у якую могуць зьвярнуцца беларусы, што пакінулі краіну на хвалі пратэстаў і жадаюць вярнуцца альбо даведацца пра свой прававы статус.
  • Да заявы неабходна прыкласьці копію пашпарта, а таксама расказаць, чаму грамадзянін думае, што ў выпадку вяртаньня да яго могуць быць пытаньні з боку праваахоўных органаў. Таксама ён павінен «публічна раскаяцца ва ўчыненых ім злачынствах супраць улады».
  • Рашэньне аб тым, ці зможа чалавек вярнуцца дадому, прымаюць сябры камісіі (26 чалавек), якую ўзначальвае генэральны пракурор Андрэй Швед.
  • У склад камісіі таксама ўвайшлі кіраўнік МЗС Сяргей Алейнік, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Дзьмітры Гара, сэнатар Дзьмітры Баскаў, дэпутаты, чыноўнікі, шмат праўладных прапагандыстаў, кшталту Рыгора Азаронка, Андрэя Мукавозчыка, ды іншыя.
  • Створаны сайт камісіі па вяртаньні, таксама ёсьць адмысловы разьдзел на сайце Генпракуратуры. З-за межаў Беларусі гэтыя старонкі без VPN не адкрываюцца.
  • 26 студзеня Швед заявіў, што прынята рашэньне аб працягу працы камісіі яшчэ на адзін год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG