Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перавозчык маршруткі, якая трапіла ў аварыю ў Віцебскім раёне, не застрахаваў адказнасьці перад пасажырамі. ДАІ праводзіць праверкі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Аварыя адбылася 12 лютага і справакавала новыя захады ўладаў у дачыненьні перавозчыкаў.

Перад выездам на лінію маршрутнага таксі, якое трапіла ў аварыю 12 лютага, не былі праведзены мэдычны агляд кіроўцы і тэхнічны агляд транспартнага сродку, але «самым страшным» была адсутнасьць страхоўкі перавозчыка перад пасажырамі на выпадак ДТЗ, заявіў 18 лютага ў праграме «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь-1» міністар транспарту і камунікацый Аляксей Ляхновіч, паведамляе «Позірк».

Паводле міністра, у 2023 годзе зафіксаваны рост на 9% колькасьці ДТЗ з удзелам пасажырскіх транспартных сродкаў, у сувязі з чым сытуацыю давялося ўзяць «на ручны кантроль», цяпер вядуцца работы ў карэктаваньні правілаў і ўзмацненьні патрабаваньняў да перавозчыкаў.

Ляхновіч таксама нагадаў, што пасьля ўступленьня ў сілу рэестру аўтамабільных перавозак пасажыраў транспартныя сродкі ня ўключаных у яго арганізацый могуць сканфіскаваць.

12 лютага каля 8:00 на 5-м кілямэтры аўтадарогі Н2301 Руба — Тарасенкі — мяжа Расейскай Фэдэрацыі (Віцебскі раён) 62-гадовы кіроўца мікрааўтобуса Volkswagen, вяртаючыся на сваю паласу пасьля выезду на паласу сустрэчнага руху, сутыкнуўся з грузавіком «МАЗ», які рухаўся наперадзе ў спадарожным кірунку. Паводле інфармацыі галоўнага ўпраўленьня аховы здароўя Віцебскага аблвыканкаму, шпіталізацыя спатрэбілася 7 пасажырам мікрааўтобуса.

ДАІ 16–26 лютага праводзіць «комплекс прафіляктычных захадаў», накіраваных на «павышэньне бясьпекі перавозак пасажыраў маршрутнымі мікрааўтобусамі».

  • 25 студзеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, які прадугледжвае стварэньне ў Беларусі «рэестру аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах». У яго хочуць уключыць усіх дыспэтчараў, перавозчыкаў, кіроўцаў і транспартныя сродкі. Калі перавозчык не ў рэестры — ён працуе незаконна. Каб трапіць у рэестар, трэба плаціць. За адну машыну — дзьве базавыя велічыні (74 рублі). За аднаго кіроўцу — адну (37 рублёў). За дыспэтчара — 100 базавых (3700 рублёў).
  • З 1 жніўня па 31 кастрычніка 2024 году за ўключэнне ў рэестар дзяржаўнага збору браць ня будуць.
  • Таксама, паводле закону, кіроўцы за свае грошы мусяць абсталяваць салён машыны камэрай відэаназіраньня, каб паездка фіксавалася на відэа.
  • Акрамя гэтага, згодна з новым законам, перавозчыкаў і дыспэтчараў прымусяць даваць дзяржаўным органам доступ да інфармацыі аб выкананых заказах.
  • Дыспэтчараў вымусяць адкрыць юрыдычную асобу ў Беларусі і разьмясьціць сэрвэры ўнутры краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG