Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі і за яе межамі праходзяць акцыі памяці Аляксея Навальнага


Мітынг памяці Навальнага, Баўгарыя, Сафія, 16 лютага 2024
Мітынг памяці Навальнага, Баўгарыя, Сафія, 16 лютага 2024

У Расеі і розных гарадах сьвету сёньня адбываюцца акцыі памяці апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага.

Паведамленьне аб раптоўнай сьмерці Навальнага ў калёніі 16 лютага апублікавала прэсавая служба Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў РФ.

Пасьля публікацыі навіны ў многіх гарадах Расеі мясцовыя жыхары пачалі прыносіць кветкі да помнікаў палітычным вязьням. Стыхійныя мэмарыялы ўзьніклі ва Ўльянаўску, Новасібірску і Вятцы, паведамляе выданьне Astra. Канал «Говорит НеМосква» паведамляе, што акцыі памяці Навальнага прайшлі таксама ў Томску, Казані, Іжэўску, Пскове, Ніжнім Ноўгарадзе, Пермі, Цверы, Кіраве і Белгарадзе. Далей далучыліся Волагда, Тальяці, Саратаў, Нагінск і многія іншыя расейскія гарады.

У Новасібірску мясцовая жыхарка выйшла на адзіночны пікет з плякатам «Хто наступны?» Паліцыянты спыталі яе, навошта яна гэта робіць, але не сталі затрымліваць.

Яшчэ адна жыхарка выйшла на пікет у Мурманску. Яна трымала плякат з надпісам «Яго кроў на тваіх руках, Вова». Паводле паведамленьня выданьня «Осторожно, новости», яе затрымалі.

Кветкі і зьнічы зьявіліся ў Санкт-Пецярбургу ля Салавецкага каменя на Траецкай плошчы і ля помніка ахвярам рэпрэсій на Васкрасенскай набярэжнай.

Людзі нясуць кветкі да Салавецкага каменя ў Маскве. Каля мэмарыяла дзяжурыць паліцыя. Стыхійны мэмарыял узьнік каля дому ў маскоўскім мікрараёне Мар’іна, дзе Аляксей Навальны жыў да арышту.

Паведамляецца аб затрыманьні пікетчыцы ля «Сьцяны смутку». Пазьней быў затрыманы падлетак з плякатам з надпісам «Забойца». Пракуратура Масквы выпусьціла папярэджаньне ў сувязі з «заклікамі да масавай акцыі», піша «Осторожно, новости». Пры гэтым заклікаў да акцый у сацсетках амаль няма, іх удзельнікі прыходзяць да памятных месцаў па асабістай ініцыятыве.

У многіх краінах сьвету дыяспары абвясьцілі аб правядзеньні мітынгаў памяці Навальнага. У сьпісе, які сабрала арганізацыя «Ковчег», згаданыя мерапрыемствы ўжо ў больш як 20 краінах. Акцыі праходзяць пераважна ля амбасадаў і консульстваў РФ.

У Тбілісі актывісты выйшлі на акцыю каля будынка сэкцыі інтарэсаў Расеі пры амбасадзе Швайцарыі ў Грузіі.

У Ерэване, паводле «Новай газеты — Европа», паліцыя не пускае мітынгоўцаў да амбасады, будынак ачэплены.

Прайшла акцыя і ў Празе.

  • У Менску пры спробе ўскласьці кветкі да расейскай амбасады ў памяць аб Навальным АМАП затрымаў лідэра ліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзьмітрыя Кучука.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG