Ціханоўская: няма сумневаў у тым, што Навальнага мэтанакіравана забіў пуцінскі рэжым
З нагоды навіны пра сьмерць расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага выказалася дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская.
«Сёньня ў сеціве зьявіліся навіны пра сьмерць Аляксея Навальнага ў расейскай калёніі. Гэтая сьмерць — чарговы доказ, што для дыктатараў чалавечае жыцьцё ня мае ніякай каштоўнасьці. Рэжым Пуціна, як і рэжым Лукашэнкі, у імкненьні захаваць уладу пазбаўляецца ад апанэнтаў любымі спосабамі».
Ціханоўская нагадала, што ў Беларусі зараз дзясяткі палітвязьняў знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада — «жыцьці Мікалая Статкевіча, Машы Калесьнікавай, майго мужа Сяргея і іншых зараз знаходзяцца пад прамой пагрозай».
«Вітольд Ашурак, Вадзім Храсько, Алесь Пушкін, Мікалай Клімовіч ужо памерлі ў зьняволеньні. А яшчэ сотні людзей утрымліваюцца ў нечалавечых умовах і без усялякай дапамогі. Аляксея, як і многіх беларускіх палітвязьняў, неаднаразова адпраўлялі ў ШЫЗА. У лютым гэта зрабілі 27-ы раз. Мы ўсе бачылі на фота, як такія ўмовы ўтрыманьня адбіліся на ягоным стане.
Менавіта таму ў мяне няма сумневаў у тым, што Навальнага мэтанакіравана забіў пуцінскі рэжым. Я выдатна разумею, як ад гэтай навіны сьціскаецца сэрца ўсіх, чые блізкія зараз знаходзяцца ў турме. Юлія Навальная і іх з Аляксеем дзеці сёньня атрымалі самую страшную навіну, якую мы баімся атрымаць пра тысячы нашых каханых. Я выказваю шчырыя спачуваньні сям’і, блізкім і калегам Аляксея Навальнага. Маё сэрца сёньня з вамі», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.
Латушка заклікаў да руйнуючых санкцый супраць рэжымаў у Беларусі і Расеі
Намесьнік Ціханоўскай у Аб'яднаным пераходным кабінэце Павал Латушка так пракамэнтаваў навіну пра сьмерць Аляксея Навальнага:
«Ня першае і не апошняе забойства палітычнага зьняволенага, чалавечая трагедыя. Чаму гэта адбываецца? Першапрычына — рэжым, які дзейнічае ў Расеі. Які пачаў вайну. Які зьнішчае палітычных апанэнтаў. Гэтая трагедыя — чарговы сыгнал, што задачай усяго цывілізаванага сьвету зьяўляецца ліквідацыя такіх рэжымаў. Калі дэмакратычны сьвет ня дасьць жорсткага і прынцыповага адказу на сьмерць Навальнага, дыктатары адчуюць беспакаранасьць.
Беларусь знаходзіцца пад кіраваньнем маньяка, імя якому — Лукашэнка. Які ўжо прывёў да сьмерці чатырох палітычных зьняволеных — Вітольда Ашурка, Мікалая Клімовіча, Алеся Пушкіна, Вадзіма Храсько. Шэсьць чалавек знаходзяцца ў статусе інкамунікада каля году — Мікалай Статкевіч, Марыя Калесьнікава, Максім Знак, Віктар Бабарыка, Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі. У Беларусі тысячы палітвязьняў!»
Латушка заявіў, што калі сьвет ня дасьць жорсткага і прынцыповага адказу на сьмерць Аляксея Навальнага, гэта разьвяжа рукі як Пуціну, так і Лукашэнку для павольнага забойства палітычных апанэнтаў у турмах.
Ён заклікаў дэмакратычны сьвет прыцягнуць дыктатараў да крымінальнай адказнасьці і ўвесьці руйнуючыя санкцыі ў дачыненьні да рэжымаў у Беларусі і Расеі.
Беларускі праваабаронца, кіраўнік фонду BySol Андрэй Стрыжак напісаў:
«Сьмерць Навальнага нагадала пра нялюдзкую сутнасьць дыктатуры і яе прагу зьнішчаць. Аляксей зрабіў надта высокую стаўку».
Прадстаўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка ў размове зь «Белсатам» выказаўся адносна паралеляў паміж сьмерцю Аляксея Навальнага і беларускай сытуацыяй. Паводле Сапелкі, сьмерць Навальнага нагадвае пра тое становішча, у якім знаходзяцца беларускія палітвязьні.
«І гэта нагадвае нам пра тое, што ў любы дзень мы можам пачуць у тым жа кантэксьце імя любога з паўтары тысячы палітвязьняў. Асабліва ўразьлівыя пры гэтым тыя, хто знаходзіцца ў стане інкамунікада, пра чый лёс мы ня чуем ужо дастаткова доўгі час. Мы ведаем, што ў нас у калёніях многія людзі праз свой стан здароўя, праз узрост значна менш здольныя пераносіць гэтыя цяжкія, часам невыносныя ўмовы, чым нават той жа Навальны, які загінуў у расейскай калёніі. У нашай краіне калёніі не знаходзяцца за палярным кругам, але адміністрацыі калёніяў, падобна, пра гэта глыбока шкадуюць і ствараюць у нашых калёніях умовы, якія можна назваць катавальнымі і якія дакладна зьяўляюцца забароненымі з пункту гледжаньня міжнародных абавязаньняў Беларусі ў галіне правоў чалавека», — сказаў Павел Сапелка.