Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Малдове лідэра прарасейскай партыі завочна асудзілі на 15 гадоў турмы за «крадзеж стагодзьдзя»


Пратэсты ў Малдове арганізаваныя апазыцыйнай партыяй «Шор», 16 сакавіка 2023
Пратэсты ў Малдове арганізаваныя апазыцыйнай партыяй «Шор», 16 сакавіка 2023

Зьбеглы малдаўскі бізнэсовец праходзіць у справе аб вывадзе 1 млрд даляраў з банкаўскай сыстэмы Малдовы.

Суд у сталіцы Малдовы Кішынёве завочна пакараў зьбеглага бізнэсоўца і лідэра прарасейскай апазыцыйнай партыі «Шор» Іляна Шора да 15 гадоў пазбаўленьня волі, паведаміла прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду на сваёй старонцы ў Facebook:

«Ілян Шор правядзе 15 гадоў у турме за крадзеж мільярда, і яго маёмасьць будзе канфіскавана, так вырашыла Апэляцыйная палата», — напісала яна.

Вынясеньне прысуду пацьвердзіла і Апэляцыйная палата Кішынёва. «Асуджаны павінен вярнуць каля 288 млн даляраў», — гаворыцца ў паведамленьні на яе сайце.

Сам Шор назваў рашэньне незаконным:

«Сёньняшнім рашэньнем улада помсьціць мне за пратэставы рух, за тое, што я і мая каманда змагаемся за годнае жыцьцё грамадзян. Мяне гэтае рашэньне абсалютна не бянтэжыць, мне абсалютна ўсё роўна. Я не зьбіраюся падпарадкоўвацца, гэтае рашэньне будзе адменена роўна на другі дзень пасьля зьмены дзейнага рэжыму», — заявіў Шор у сваім Telegram-канале.

Крадзеж стагодзьдзя і заступніцтва Захаду

Шор зьяўляецца адным зь фігурантаў скандалу з вывадам 1 млрд даляраў з банкаўскай сыстэмы Малдовы, які ў рэспубліцы назвалі «крадзяжом стагодзьдзя». Ён разгарэўся ў 2015 годзе, справакаваў акцыі пратэсту ў Кішынёве і падзеньне двух урадаў і кіроўнай кааліцыі праэўрапейскіх партый. У Кішынёве ўлады назвалі акцыі пратэсту часткай расейскай змовы з мэтай зьвяржэньня ўраду Малдовы і замены яго на прарасейскі.

У справаздачы дэтэктыўнага агенцтва Kroll, якое на просьбу ўраду Малдовы правяло рассьледаваньне крадзяжу, гаворыцца, што грошы былі выведзены праз Banca de Economii, Banca Sociala і Unibank, якія былі падкантрольныя Шору. Ён быў асуджаны ў гэтай справе, але абскардзіў вырак і да канчатковага рашэньня знаходзіўся пад судовым кантролем, што не перашкодзіла яму ўзначаліць партыю і выбрацца дэпутатам парлямэнту. Аднак пасьля чарговай зьмены ўлады ў чэрвені 2019 года Шор уцёк у Ізраіль.

Партыя «Шор» пасьля леташняга расейскага ўварваньня ва Ўкраіну пачала актыўна ўзаемадзейнічаць з уладамі Расеі, дэпутаты наведалі Маскву і наладзілі міжпартыйныя кантакты. Пасьля гэтага партыя арганізоўвала пратэставую дзейнасьць супраць дзейнай улады ў Малдове.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG