Кіраўнік камітэту Сейму Літвы ў нацыянальнай бясьпецы і абароне Лаўрынас Кашчунас прапанаваў пазбаўляць дазволаў на жыхарства грамадзян Беларусі і Расеі, якія рэгулярна вяртаюцца на радзіму, паведамляе выданьне Kauno Diena.
Лаўрынас Кашчунас заявіў, што будзе дамагацца далейшага ўзмацненьня абмежаваньняў для расейцаў і беларусаў. Сярод іншага, ён прапануе ануляваць часовы дазвол на жыхарства тым грамадзянам Беларусі і Расеі, якія рэгулярна езьдзяць на радзіму — больш як раз на месяц за апошнія 12 месяцаў.
Акрамя гэтага, палітык заявіў, што зьбіраецца зарэгістраваць прапанову аб адмене магчымасьці балятавацца і галасаваць на муніцыпальных выбарах для грамадзян Расеі і Беларусі, якія маюць права стала пражываць у Літве.
Лаўрынас Кашчунас таксама падтрымаў прапанову закрыць яшчэ два з чатырох дзейных пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю — «Лаварышкі» (зь беларускага боку — «Катлоўка») і «Райгорад» («Прывалка»).
- Летась Сейм Літвы прыняў закон аб абмежавальных захадах для грамадзян Расеі і Беларусі, але для беларусаў увялі менш абмежаваньняў. Дзеяньне закону павінна спыніцца 2 траўня гэтага году. Урад прапануе падоўжыць гэтыя нацыянальныя санкцыі яшчэ на год. Некаторыя палітыкі, у тым ліку прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа, выступаюць за тое, каб цалкам ураўнаважыць абмежаваньні супраць расейцаў і беларусаў.
- Цяпер расейцы і беларусы абмежаваныя ў магчымасьці атрыманьня літоўскіх візаў і электроннага статусу рэзыдэнта. Акрамя таго, грамадзяне Расеі абмежаваныя ў магчымасьці прыехаць у Літву і набыць там нерухомасьць, часова не прымаюцца іх заявы на атрыманьне дазволу на жыхарства ў Літве.
- На пачатку лютага Нацыянальны цэнтар кіраваньня крызіснымі сытуацыямі Літвы прапанаваў ураду з 1 сакавіка закрыць на мяжы зь Беларусьсю яшчэ два памежныя пераходы — у Райгорадзе і Лаварышках. Канчаткова гэтую прапанову мае зацьвердзіць урад. Калі ён падтрымае гэтую ініцыятыву, на мяжы зь Беларусьсю адкрытымі застануцца толькі два з ранейшых шасьці памежных пунктаў — «Меднікі» і «Салечнікі».