Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт бясьпекі Сейму Літвы выказаўся супраць павелічэньня для беларусаў тэрміну дзеяньня дазволу на жыхарства

абноўлена

Сейм Літвы
Сейм Літвы

Раней кіраўніца МУС Літве Агне Білатайце прапанавала павялічыць тэрмін ДНЖ грамадзянам, якія могуць пацярпець ад рэжыму Лукашэнкі, з аднаго да трох гадоў.

Аднак камітэт нацыянальнай бясьпекі і абароны літоўскага парлямэнту рэкамэндаваў адхіліць такую прапанову, паведамляе «Позiрк».

На думку камітэту, такія прапановы носяць «пасьпешлівы характар і могуць стварыць нэгатыўныя прэцэдэнты ў будучыні».

Як лічаць дэпутаты, неабходна ацэньваць гэтую прапанову сыстэмна — «у кантэксьце новага беларускага пашпарта («пашпарт новай Беларусі», які распрацоўвае Аб’яднаны пераходны кабінэт), а таксама праяваў «літвінізму».

Супраць ініцыятывы прагаласавала чатыры сябры камітэту, за — два, яшчэ двое, у тым ліку яго кіраўнік Лаўрынас Кашчунас, устрымаліся.

На думку Анатоля Лябедзькі, дарадцы дэмакратычнай лідэркі Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе і міжпарляменцкім супрацоўніцтве, такое рашэньне камітэту нацыянальнай бясьпекі Літвы можа быць звязана з надыходзячымі трыма выбарчымі кампаніямі — выбарамі ў нацыянальны парламэнт (Сейм), у Эўрапейскі парлямэнт і прэзыдэнцкімі выбарамі.

«З гэтага вынікае, што сытуацыя будзе мяняцца і мы будзем сьведкамі вялікай колькасьці рэзанансных заяў і дзеяньняў, — лічыць Анатоль Лябедзька. — Літва — гэта не Беларусь, дзе выбарнік выкрасьлены з усялякага палітычнага выбарчага працэсу. Тут змаганьне ідзе за кожны голас. Гэта аб’ектыўны працэс, часткай якога зьяўляецца і нядаўняе галасаваньне ў камітэце нацыянальнай бясьпекі. Але запэўніваю: гэта не апошняя дыскусія і не канчатковае галасаваньне».

Лябедзька таксама зазначыў, што прывязка пытаньня літвінізму да галасаваньня выглядае «дастаткова штучна».

«Калі казаць, што зьяўляецца праблемай сёньня: літвінізм ці лукашызм і пуцінізм, то для нас адказ зусім відавочны. І такую ж пазыцыю падтрымлівае большасьць дэпутатаў Сейму», — падкрэсьліў Лябедзька.

Галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка заявіў, што камітэт нацыянальнай бясьпекі Літвы (які і ўвесну ініцыяваў абмежаваньні супраць беларусаў) «зноў прасоўвае антыбеларускую пазыцыю».

«Спадзяёмся, іншыя камітэты будуць мець дастаткова мудрасьці прыняць правільнае рашэньне. Мы працягваем працаваць над гэтым пытаньнем і абараняць інтарэсы беларусаў», — напісаў Вячорка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG