За студзень 2024 году цэны ў Беларусі выраслі на 0,8%, а за цэлы год, са студзеня 2023-га да студзеня 2024 года — на 5,9%, паведаміў Белстат.
Такім чынам, за першы месяц году паскарэньне інфляцыі склала 0,1 працэнтны пункт — за 2023 год інфляцыя была 5,8%.
У студзені ў Беларусі працягвалася падаражэньне гародніны, якая і летась была трыгерам інфляцыі (на 6,4%), садавіны — на 2,5%.
Патаньнелі абутак і паслугі авіятранспарту.
У лідэры па росьце цэнаў за студзень выйшлі прававыя паслугі — яны падаражэлі на 8,1%.
Беларускія юрысты у размове са Свабодай сьцьвярджаюць, што тарыфы на паслугі адвакатаў не памяняліся. Але ў сувязі з ростам базавай велічыні вырасьлі натарыяльныя тарыфы на афармленьня даверанасьці. Афармленьне даверанасьці на блізкага сваяка каштуе адну базавую велічыню, на іншую асобу — дзьве базавыя. Калі ў мінулым годзе годзе кошт даверанасьці на сваяка быў 37 рублёў, то ў 2024 годзе — 40, а кошт афармленьня даверанасьці на іншую асобу падняўся з 74 да 80 рублёў. Гэты прырост як раз і складае 8,1%.
Як мяркуе крыніца Свабоды, у спажывецкі кошык, які фармуецца на аснове набору самых папулярных у насельніцтва тавараў і паслуг і на аснове якога вылічваецца інфляцыя, трапілі натарыяльныя паслугі ў сувязі з ростам іх папулярнасьці ў людзей. Папулярнасць на такія паслугі набыла ў тым ліку ў сувязі з масавым ад’ездам насельніцтва. Грамадзяне, якія плянуюць выехаць альбо выехалі з краіны, часьцей выпісваюць даверанасьці, бо за мяжой гэта зрабіць ужо не атрымаецца.