Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ЗША Байдэн назваў дзеяньні Ізраіля ў сэктары Газа «празьмернымі»


Джо Байдэн
Джо Байдэн

Белы дом перасьцярог Ізраіль ад ваеннай апэрацыі ў Рафаху без разгляду пытаньня аб абароне перамешчанага палестынскага насельніцтва.

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн выступіў з самай рэзкай на гэты момант крытыкай ваеннай кампаніі прэм’ер-міністра Ізраілю Біньяміна Нэтаньягу, піша «Голас Амэрыкі».

«Як вы ведаеце, я прытрымліваюся думкі, што дзеяньні ў адказ у сэктары Газа былі празьмернымі», — сказаў Байдэн, адказваючы на пытаньне журналіста ў Белым доме.

Байдэн сказаў, што ён «актыўна дабіваецца» часовага спыненьня агню ў абмен на вызваленьне закладнікаў, якіх утрымлівае ХАМАС, і вызваленьня палестынцаў, якія знаходзяцца ў ізраільскіх турмах.

У сераду Нэтаньягу адхіліў пагадненьне, назваўшы выстаўленыя ХАМАС умовы «празьмернымі».

«Я нястомна працую над гэтым пагадненьнем», — сказаў Байдэн, дадаўшы, што ён лічыць магчымай «устойлівую паўзу ў баявых дзеяньнях».

Паводле Байдэна, ён дабіваецца павелічэньня паставак гуманітарнай дапамогі ў Газу.

«Як вы ведаеце, спачатку прэзыдэнт [Эгіпта Абдэль Фаттах] ас-Сісі не хацеў адчыняць браму, каб даставіць гуманітарныя матэрыялы, — сказаў Байдэн. — Я пагаварыў зь ім. Я пераканаў яго адчыніць. Пагаварыў зь Бібі [Нэтаньягу], каб адчыніць браму зь ізраільскага боку».

Раней у чацьвер Белы дом выступіў зь перасьцярогай Ізраілю, заклікаўшы ўрад Нэтаньягу ўстрымацца ад пераносу ваеннай кампаніі ў горад Рафах на мяжы з Эгіптам, дзе схавалася больш за палову насельніцтва Газы, якое складае 2,2 мільёна чалавек.

«Пры адсутнасьці ўсебаковага разгляду пытаньня аб абароне цывільнага насельніцтва Газы ў такіх маштабах, правядзеньне ваенных апэрацый зараз абернецца катастрофай для гэтых людзей, а гэта ня тое, што мы гатовы падтрымаць», — заявіў прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі Джон Кірбі на брыфінгу ў Белым доме.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
  • Ахвяры: па стане на 19 лютага 2024 году каля 1160 чалавек у Ізраілі, у асноўным мірных жыхароў, паводле зьвестак AFP на падставе ізраільскіх лічбаў. Баевікі ў першы дзень вайны захапілі каля 250 закладнікаў, 130 зь якіх застаюцца ў Газе, у тым ліку 30 меркавана загінуўшых, паводле зьвестак Ізраіля.

    Міністэрства аховы здароўя Газы паведамляе, што ў выніку ізраільскай ваеннай кампаніі загінулі як мінімум 28 985 чалавек, пераважна жанчыны і дзеці.

  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG