Генэральны сакратар ААН Антоніё Гутэрыш заклікаў краіны-донары гарантаваць паток дапамогі ў Газу пасьля таго, як некалькі краін прыпынілі фінансаваньне агенцтва дапамогі Палестыне (UNRWA) з-за абвінавачваньняў у датычнасьці некалькіх яго супрацоўнікаў да нападаў 7 кастрычніка.
Жорсткія баі ў абложаным сэктары Газа прымушаюць усё больш людзей бегчы на поўдзень да мяжы з Эгіптам, піша AFP. UNRWA заявіла, што звольніла некалькіх супрацоўнікаў у сувязі з абвінавачваньнямі ў датычнасьці некаторых супрацоўнікаў да нападу ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка.
Донары, у тым ліку Нямеччына, Вялікая Брытанія, Італія, Аўстралія і Фінляндыя, узялі прыклад са Злучаных Штатаў, якія першымі заявілі, што прыпынілі дадатковае фінансаваньне агенцтва з-за абвінавачваньняў.
«Хоць я разумею іх заклапочанасьць — я сам быў у жаху ад гэтых абвінавачваньняў, — я настойліва заклікаю ўрады, якія прыпынілі свае складкі, прынамсі гарантаваць бесьперапыннасьць апэрацый UNRWA», — заявіў кіраўнік ААН Антоніё Гутэрыш.
Гутэрыш паабяцаў прыцягнуць да адказнасьці «любога супрацоўніка ААН, які мае дачыненьне да тэрарыстычных актаў» пасьля падазрэньняў, што некаторыя супрацоўнікі агенцтва ў справах бежанцаў датычныя да нападаў на Ізраіль. Таксама ён адзначыў, што праз такія ўчынкі некаторых асоб не павінны цярпець усе людзі, што маюць патрэбу ў дапамозе.
Міністар замежных спраў Ізраіля Ізраіль Кац заклікаў кіраўніка UNRWA Філіпа Лазарыні пайсьці ў адстаўку. Раней Кац заявіў, што орган увогуле «павінен быць заменены агенцтвамі, што працуюць дзеля сапраўдных міру і разьвіцьця».
Сам Лацарыні перад гэтым у сваім твітэры папярэдзіў, што скарачэньне фінансаваньня азначае, што дзейнасьць агенцтва ў Газе блізкая да краху.