Прэзыдэнт Узбэкістану Шаўкат Мірзіёеў заявіў аб стварэньні зь Беларусьсю супольнай замежнагандлёвай кампаніі для інтэнсыфікацыі ўзаемнага гандлю.
«Мы дамовіліся падтрымліваць актыўныя кантакты на ўзроўні парлямэнтаў, урадаў, міністра і рэгіёнаў. Пацьвердзілі важнасьць прадоўжваньня ўзаемнай падтрымкі ў межах міжнародных структур. Мы абмеркавалі меры для павелічэньня таваразвароту звыш 1 млрд даляраў», — працытавала дзяржаўнае агенцтва БелТА Шаўката Мірзіёева.
У сваю чаргу Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Ўзбэкістан для Беларусі зьяўляецца асноўнай краінай у Цэнтральнай Азіі.
«Мы зь вялікай цікавасьцю назіраем за тымі пераўтварэньнямі, якія адбываюцца ва Ўзбэкістане. Адзінае, што вам трэба, гэта час. Страчана ў свой час нямала. Вам даводзіцца даганяць, а гэта няпроста. Мы задаволеныя, што наша брацкая рэспубліка — Узбэкістан — інтэнсіўна разьвіваецца. Але мы зацікаўленыя ў разьвіцьці Ўзбэкістану, таму што ўзялі ў Цэнтральнай Азіі вашу краіну за аснову», — заявіў Аляксандар Лукашэнка, які знаходзіцца ў Ташкенце з афіцыйным візытам.