Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд Беларусі пачынае разгляд справы супраць грамадзяніна Канады Катрука, які даўно памёр


 Ўладзімір Катрук, архіўнае фота
Ўладзімір Катрук, архіўнае фота

Першы судовы працэс над нябожчыкам у Беларусі пачынаецца 8 лютага. Вярхоўны суд будзе разглядаць справу, заведзеную на Ўладзіміра Катрука, абвінавачанага ў забойстве жыхароў Хатыні.

Катрук памёр дзевяць гадоў таму. Пры жыцьця яго не прыцягвалі да крымінальнай адказнасьці.

Аб працэсе паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суду. Судзіць Катрука будуць паводле арт. 127 («Генацыд») Крымінальнага кодэксу Беларусі. Вядома што ў справе 35 тамоў, у ёй праходзяць каля 40 сьведак.

Два з паловай гады таму Генпракуратура пачала расьсьледаваньне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народу ў гады Другой сусьветнай вайны, потым зьявілася асобная справа ў дачыненьні да Катрука.

«Вярхоўны суд па першай інстанцыі ў 10:00 пачне судовы разбор у крымінальнай справе па абвінавачваньні Катрука У.К. (1921–2015) у зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага арт. 127 КК (генацыд)», — паведамілі Sputnik у судзе.

У ліпені 2023 Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб зьмене Крымінальна-працэсуальнага кодэкса», які дазваляе заводзіць крымінальныя справы супраць мёртвых і выносіць ім выракі па 10 артыкулах Крымінальнага кодэкса (сярод іх — генацыд, экацыд, міжнародны тэрарызм, падрыхтоўка або вядзеньне агрэсіўнай вайны, прымяненьне зброі масавага паражэньня і іншыя ваенныя злачынствы).

Уладзімір Катрук — грамадзянін Канады ўкраінскага паходжаньня. Яго вінавацілі ў тым, што ён, дзейнічаючы па ўказаньні нямецкіх афіцэраў, з іншымі байцамі дапаможных сіл нямецкай паліцыі са 118-га батальёна шуцманшафту выгналі жыхароў Хатыні са сваіх хат, затым прыгналі да хлява на ўскраіне вёскі і запхалі ў яго, а потым падпалілі саламяны дах. Людзей, якія спрабавалі выратавацца ад агню, эсэсаўцы расстрэльвалі. У выніку былі забітыя 149 цывільных асоб, у тым ліку 75 непаўналетніх.

У 1944 годзе Катрук дэзэртаваў зь нямецкага войска і перайшоў на бок францускага руху Супраціўленьня, уступіў у францускі Замежны легіён і трапіў на фронт для барацьбы зь нямецкім войскам. Пасьля вайны застаўся жыць у Парыжы. У 1951 годзе эміграваў у Канаду. Пры атрыманьні канадзкага грамадзянства ён заявіў, што да нацыстаў ніякага дачыненьня ня меў. Аднак у 1999 годзе канадзкім уладам стала вядома аб яго сувязях зь імі, і яго пазбавілі канадзкага грамадзянства. Пазьней, у траўні 2007 году, гэтае рашэньне перагледзелі празь недахоп доказаў. У лістападзе 2010 года вяртаньне Катруку канадзкага грамадзянства пацьвердзіў фэдэральны апэляцыйны суд.

У 2012 годзе габрэйскія арганізацыі, якія абвінавацілі Катрука ў датычнасьці да ўчыненых нацыстамі злачынстваў, запатрабавалі пазбавіць яго грамадзянства Канады.

Катрук памёр у Канадзе ў траўні 2015 году ва ўзросьце 93 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG