У Статут унутранай службы Ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь дадалі артыкул, які дазваляе вайскоўцам прымяняць супраць грамадзян «агнястрэльную зброю, спэцсродкі, баявую і спэцыяльную тэхніку пры выкананьні ўскладзеных на іх задач». Гэтаму папярэднічаў адмысловы ўказ Лукашэнкі.
У Міністэрстве абароны пракамэнтавалі новыя зьмены. Начальнік галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы ведамства Аляксей Ціцкі сказаў, што закон ня стаў больш жорсткім.
«У цяперашняй рэдакцыі вайсковец можа прымяніць зброю, як і раней, толькі пасьля выразна праяўленага і відавочнага папярэджаньня аб намеры яе прымяніць, з даваньнем дастатковага часу для выкананьня законных патрабаваньняў», — сказаў Аляксей Ціцкі.
Раней Лукашэнка падпісаў папраўкі ў закон «Аб органах дзяржаўнай бясьпекі», 6 студзеня дакумэнт быў апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Пункт, які тычыцца ўжываньня зброі супраць жанчын і людзей з інваліднасьцю, зьмянілі. Раней ужываць зброю можна было ў парадку выключэньня, калі чыніцца ўзброены напад. У новай рэдакцыі зброю супраць жанчын, дзяцей і інвалідаў дазволілі прымяняць і ў «выпадках аказаньня імі збройнага супраціву, зьдзяйсьненьня збройнага альбо групавога нападу ці іншых дзеяньняў, якія пагражаюць жыцьцю або здароўю людзей».
«Вайскоўцы і так прымянялі зброю»
Прадстаўнік арганізацыі былых сілавікоў BelPol Уладзімер Жыгар называе новыя праўкі ў законы «фармальнасьцю». Бо яны і так дзейнічалі. Напрыклад, 11 жніўня 2020 году берасьцейца Генадзя Шутава сьмяротна параніў вайсковец, капітан спэцназу Раман Гаўрылаў.
«Гэта фармальнасьць. Яны ўбачылі, што нейкія моманты ўжо адпрацаваныя на практыцы, і цяпер яны проста карэктуюць закон пад існыя рэаліі. Вайскоўцы і так стралялі ў мірных дэманстрантаў у 2020 годзе, і нікога за гэта не пакаралі. Закон памянялі, каб у вайскоўцаў не было сумневаў у выпадку нейкага інцыдэнту», — кажа Ўладзімер Жыгар.
Ён прыгадвае, што раней, да 2020 году, прымяненьне зброі ў сілавікоў моцна кантралявалася начальствам.
«Кожную раніцу маглі спытаць парадак прымяненьня зброі і спэцсродкаў. Супрацоўнікі бралі зброю з сабой проста таму, што так трэба было. Выстраліць у чалавека — гэта мусіць быць вельмі экстраная сытуацыя. Я такой уявіць не магу. Заўжды казалі, што нельга даводзіць да таго, каб прымяняць зброю. Была сытуацыя, калі ў РАУСе па рацыі супрацоўнікі паведамілі, што на іх кідаюцца, і спыталіся, ці прымяняць зброю. Дык дзяжурны крычаў, што рабіце ўсё што заўгодна, але толькі не прымяняйце зброю», — прыгадвае Ўладзімір Жыгар.
Пасьля прымяненьня зброі мусіць быць службовая праверка, такі ўчынак правяраюць сьледчыя, дадае Жыгар.
«Гэта робіцца, каб застрашыць людзей»
Юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна» Сьвятлана Галаўнёва мяркуе, што гэтыя праўкі ў закон — «работа над памылкамі».
«Гэта агульны трэнд на пашырэньне паўнамоцтваў сілавых структур. Наўрад ці сілавікі рыхтуюцца да нейкіх масавых пратэстаў. Улады зачышчаюць поле перад выбарамі, каб запалохаць людзей. Аднак гэтыя зьмены даюць магчымасьці для парушэньняў правоў людзей на жыцьцё. У любым выпадку людзі маюць права на жыцьцё і мусяць мець гарантыю таго, што ў іх будзе выбар, здацца ці ня здацца, нават калі гэта злачынная групоўка», — кажа юрыстка.
Па яе словах, у міжнароднай практыцы дзеяньні паліцыі і вайскоўцаў мусяць каардынавацца так, каб у людзей была магчымасьць застацца жывымі нават у экстранай сытуацыі. Беларускія новаўвядзеньні гэтаму не адпавядаюць, падкрэсьлівае праваабаронца.
Апроч Генадзя Шутава, ад стрэла сілавіка падчас пратэстаў 2020 году ў Беларусі загінуў мянчук Аляксандар Тарайкоўскі. У яго стрэлілі 10 жніўня, калі ён проста ішоў, падняўшы раскінутыя рукі, у бок сілавікоў у раёне станцыі мэтро «Пушкінская».
Андрэя Зельцара застрэлілі супрацоўнікі КДБ у ягонай кватэры 28 верасьня 2021 году. Паводле афіцыйнай вэрсіі, Андрэй Зельцар пачаў адстрэльвацца ад супрацоўнікаў КДБ, калі яны ўварваліся ў ягоную кватэру. У выніку інцыдэнту таксама загінуў супрацоўнік КДБ Дзьмітры Федасюк.