Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Буйны кітайскі банк прыпыніў разьлікі з Расеяй і Беларусьсю


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Кітайскі банк Chouzhou Commercial паведаміў кліентам аб прыпыненьні апэрацый з Расеяй і Беларусьсю.

Аб гэтым піша расейская дзелавая газэта «Ведомости» са спасылкай на трох бізнэсоўцаў, дзелавыя аб’яднаньні і фінансавых кансультантаў.

Прычым спыненьне правядзеньня разьлікаў не залежыць ад плацежнай сыстэмы. Транзакцыі спынены як у выпадку са SWIFT, так і з расейскай СПФС і кітайскай CIPS. Як растлумачыў адзін з суразмоўцаў газэты, нават калі рух грошай з дапамогай нацыянальных сыстэм не відаць амэрыканцам ці эўрапейцам, усё гэта адлюстравана ў справаздачнасьці, якую ў банка могуць запатрабаваць заходнія контрагенты.

Суразмоўцы выданьня ўдакладнілі, што мэнэджары банку праінфармавалі кліентаў аб спыненьні адносін з расейскімі і беларускімі бізнэсоўцамі на мінулым тыдні, што ўжо прывяло да зрыву некалькіх угод. Як пішуць «Ведомости», праз спыненьне разьлікаў і новага кітайскага Новага году амаль немінуча надыдзе лягістычны каляпс — вывезьці тавар будзе цяжка да сакавіка з прычыны доўгіх выхадных (з 10 па 17 лютага).

У сьнежні прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў указ, які значна спрасьціў для Міністэрства фінансаў Злучаных Штатаў увядзеньне абмежаваньняў у дачыненьні да банкаў, якія парушаюць санкцыі супраць Расеі. Пасьля гэтага, баючыся другасных санкцый, ад працы з расейскімі банкамі пачалі адмаўляцца турэцкія фінансавыя арганізацыі.

У студзені аналягічныя праблемы пачалі ўзьнікаць і з кітайскімі банкамі. У прыватнасьці, дзяржаўныя банкі Кітая вырашылі ўзмацніць жорсткасьць умовы аказаньня паслуг расейскім кліентам, паведаміў Bloomberg са спасылкай на свае крыніцы.

Афіцыйна Пэкін не далучаўся да санкцый супраць Расеі ў адказ на яе поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну. Аднак пасьля ўвядзеньня абмежаваньняў кітайскія банкі скарацілі працу з расейскімі кліентамі, якія знаходзяцца пад санкцыямі. Напрыклад, перасталі працаваць за мяжой карты кітайскай плацежнай сыстэмы Union Pay, выпушчаныя расейскімі банкамі, якія трапілі ў санкцыйныя сьпісы. Улетку 2023 году расейскія фінансавыя арганізацыі сутыкнуліся з забаронай праводзіць пераводы, у прыватнасьці ў юанях, у Эўропу і ЗША праз Bank of China.

У сьнежні Вашынгтон і Лёндан чарговы раз пашырылі санкцыі, уключыўшы ў сьпіс кампаніі з Кітая, Турэччыны, Сэрбіі, ААЭ і Ўзбэкістану, празь якія ў Расею пастаўляюцца тавары, якія знаходзяцца пад абмежаваньнямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG