Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Практычна пры поўнай адсутнасьці палітычнай кампаніі». Праваабаронцы падвялі вынікі рэгістрацыі кандыдатаў на выбарах-2024


Збор подпісаў. Архіўнае фота
Збор подпісаў. Архіўнае фота

Экспэртная місія па назіраньні за выбарчай кампаніяй 2024 году ў Беларусі, арганізаваная Беларускім Хэльсынскім камітэтам і «Вясной» у межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», апублікавала аналітычную справаздачу па выніках вылучэньня і рэгістрацыі кандыдатаў.

Аўтары дакумэнту выкарыстоўваюць у дачыненьні да выбарчай кампаніі 2024 году тэрмін «выбары*» з зорачкай, каб падкрэсьліць іх умоўны характар.

Паводле назіраньняў праваабаронцаў, зафіксаваных у справаздачы, падчас сёлетняй выбарчай кампаніі:

  • скарацілася колькасьць месцаў для збору подпісаў, «каб нават у зачышчаным палітычным клімаце не было магчымасьці зьбіраць подпісы ў людных і зручных месцах»;
  • вылучэньне і рэгістрацыя кандыдатаў «прайшлі практычна пры поўнай адсутнасьці палітычнай кампаніі як такой: не было інфармацыйнай кампаніі ад палітычных партый, у публічнай прасторы выбарнікаў не заклікалі падпісвацца за кандыдатаў»;
  • у выніку створанай уладамі атмасфэры страху незалежныя кандыдаты «не балятаваліся нават праз збор подпісаў», спроба зарэгістравацца лідэра ліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзьмітрыя Кучука была няўдалай;
  • актыўнасьць па вылучэньні шляхам збору подпісаў выбарнікаў у параўнаньні зь мінулымі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў зьнізілася амаль утрая, у мясцовыя саветы дэпутатаў — у 1,5 раза;
  • аналіз сьпісаў зарэгістраваных кандыдатаў «дазваляе канстатаваць яго цалкам „намэнклятурны“ характар»: большасьць кандыдатаў займаюць кіроўныя пасады, амаль адсутнічаюць кандыдаты працоўных прафэсій; у адрозьненьне ад мінулых выбараў, «усіх кандыдатаў можна назваць праўладнымі»;
  • доля зарэгістраваных жанчын — кандыдатак у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў узрасла да 34,7%, што больш, чым у 2019-м (27 %); доля жанчын — кандыдатак у дэпутаты мясцовых Саветаў узрасла да 53,75%, што таксама больш, чым у 2018 годзе (49,13%);
  • адзначаецца рэзкі рост партыйнага прадстаўніцтва за кошт створанай у 2023 годзе праўладнай партыі «Белая Русь»: яе чальцы — 42,3% кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў і 27,6% кандыдатаў у мясцовыя Саветы, пры гэтым «імітацыйны характар такой партыйнасьці відавочны з наяўнасьці значнай колькасьці акругаў, дзе супрацьстаяць адзін аднаму сябры гэтай партыі».

Сёлета ўпершыню ў Беларусі пройдуць аб’яднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. Адзіны дзень галасаваньня прызначаны на 25 лютага.

На 110 месцаў у Палаце прадстаўнікоў восьмага скліканьня пасьля рэгістрацыі Цэнтральнай выбарчай камісіяй прэтэндуюць 265 кандыдатаў, на 12 512 месцаў у мясцовых Саветах дэпутатаў будуць прэтэндаваць 18 802 кандыдаты. Сярэдні конкурс — 2,4 і 1,5 чалавека на месца адпаведна, гэта ў разы менш, чым падчас папярэдніх выбарчых кампаній.

  • Назіраць за выбарамі запрасілі прадстаўнікоў цэнтравыбаркамаў краін СНД, Парлямэнцкай асамблеі АДКБ. А Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.

Кампанія праходзіць на фоне маштабных палітычных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі ўнутры Беларусі.

З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.

Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024

  • 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
  • Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
  • Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
  • Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
  • Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
  • Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
  • Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
  • Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
  • Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
  • Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
  • Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
  • На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
  • Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
  • З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG