31 студзеня старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка расказаў пра вынікі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і дэпутаты мясцовых саветаў Беларусі, паведамляе БЕЛТА. З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводнай выбарчай кампаніі ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.
Паводле Карпенкі, на 110 месцаў у Палаце прадстаўнікоў будуць прэтэндаваць 265 кандыдатаў.
У сярэднім на адно месца ў Палаце прэтэндуе 2,4 кандыдата. Гэта значна менш, чым у папярэднія гады: у 2,7 раза менш, чым на папярэдніх выбарах у ніжнюю палату ў 2019 годзе (703 кандыдаты, 6,4 чалавека на месца), і ў 2,4 раза — чым на выбарах у 2016-м (630 кандыдатаў, 5,7 на месца).
Раней паведамлялася, што рознымі шляхамі — зборам подпісаў, вылучэньнем ад працоўных калектываў і ад партыяў — было вылучана 298 кандыдатаў. 34 (11%) зь іх не зарэгістравалі. 92 (35%) кандыдаты на месца ў Палаце прадстаўнікоў — жанчыны.
Таксама старшыня ЦВК паведаміў, што на выбарах у мясцовыя саветы на 12 514 месцаў будуць прэтэндаваць 18 802 чалавекі. «Гэта прыкладна 1,5 чалавека на месца», — падкрэсьліў Карпенка.
Раней паведамлялася, што кандыдатамі на мясцовыя выбары вылучалі 18 996 чалавек. Не прайшлі рэгістрацыю 194 прэтэндэнты (1%).
- 25 лютага ў Беларусі ўпершыню пройдуць аб’яднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. На працягу 60 дзён пасьля гэтага адбудзецца першае паседжаньне «Ўсебеларускага народнага сходу» ў новым статусе.
- Тэрмін «выбары» ў дачыненьні да выбарчай кампаніі 2024 году праваабаронцы выкарыстоўваюць з зорачкай («выбары*»), каб падкрэсьліць яго ўмоўнасьць, «бо любая свабодная і справядлівая выбарчая кампанія прадугледжвае ўсе ўмовы, пры якіх у поўнай меры рэалізуюцца правы і свабоды, у тым ліку свабода слова, свабода мірных сходаў і аб’яднаньняў, права ўдзельнічаць у кіраваньні сваёй дзяржавай, свабода ад дыскрымінацыі, якія цяпер у Беларусі практычна адсутнічаюць».
- Назіраць за выбарамі запрасілі прадстаўнікоў цэнтравыбаркамаў краін СНД, Парлямэнцкай асамблеі АДКБ. А Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
- Кампанію незалежнага назіраньня за выбарамі дэпутатаў у Адзіны дзень галасаваньня праводзяць праваабарончы цэнтар «Вясна» і Беларускі Хэльсынскі камітэт.
- З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводнай выбарчай кампаніі ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.
Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024
- 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
- Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
- Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
- Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
- Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
- Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
- Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
- Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
- Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
- Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
- Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
- На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
- Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
- З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.