Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадзенскі абласны савет выбарчая камісія не зарэгістравала былую давераную асобу Лукашэнкі


Андрэй Барбашынскі. Архіўнае фота
Андрэй Барбашынскі. Архіўнае фота

У апошні момант не зарэгістравалі кандытатам бізнэсоўца Андрэя Барбашынскага.

Як паведаміла кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары», Горадзенская абласная выбарчая камісія афіцыйна заявіла, што па 60 акругах выбараў у Горадзенскі абласны савет зарэгістраваны 121 кандыдат. Знайшлася толькі адна безальтэрнатыўная акруга — Ашмянская №28.

«Наша Ніва» высьветліла, што тут у апошні момант не зарэгістравалі бізнэсоўца Андрэя Барбашынскага.

Андрэй Барбашынскі — намесьнік старшыні Беларускай фэдэрацыі гандболу, у мінулым пасьпяховы гандбаліст. У 1992-м стаў алімпійскім чэмпіёнам у складзе зборнай СНД. А ў 2020-м быў даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Цяпер ён сябра выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэту на чале зь Віктарам Лукашэнкам.

Барбашынскі родам з Ашмянаў. Стаў вядомым за свае гульні ў менскім СКА, у 1990-я гуляў у клюбах з Гішпаніі, Вугоршчыны і Нямеччыны. Пасьля сканчэньня кар’еры заняўся бізнэсам. Цяпер працуе дырэктарам беларуска-нямецкай кампаніі, якая выпускае матрацы на фабрыцы пад Горадняй.

Барбашынскі зьбіраўся ўдзельнічаць у выбарах — ад ягонага імя сабралі подпісы ў падтрымку, правялі сход працоўнага калектыву. Бізнэсмэн падаў дакумэнты на рэгістрацыю, але ў апошні момант нешта пайшло ня так, паведамляе выданьне.

Па той жа акрузе ідзе загадчыца сэктара культуры Ашмянскага райвыканкаму Вольга Барысенка-Рабко, якую зарэгістравалі ад праўладнай Камуністычнай партыі.

  • 25 лютага ўпершыню ў краіне пройдуць абʼяднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. На працягу 60 дзён пасьля гэтай даты адбудзецца першае паседжаньне «ўсебеларускага народнага сходу» ў новым статусе.
  • Назіраць за выбарамі запрошаны прадстаўнікі цэнтравыбаркамаў краін СНД, Парлямэнцкай асамблеі АДКБ. А Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
  • З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводнай выбарчай кампаніі ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.

Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024

  • 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
  • Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
  • Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
  • Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
  • Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
  • Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
  • Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
  • Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
  • Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
  • Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
  • Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
  • На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
  • Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
  • З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG