У 2023 годзе за безьбілетны праезд да адміністрацыйнай адказнасьці прыцягнулі больш за 6,6 тысячы грамадзян, паведаміла прэс-служба Беларускай чыгункі.
«Праблема безьбілетнага праезду грамадзян застаецца актуальнай для Беларускай чыгункі. Мэтанакіраваная работа ў прафіляктыцы гэтага віду правапарушэньня будзе працягнута і ў 2024 годзе, у тым ліку з прыцягненьнем праваахоўных органаў», — напісана ў паведамленьні.
У Беларусі штраф за безьбілетны праезд складае ад 0,5 да 1 базавай велічыні ў залежнасьці ад віду транспарту. Пастановай ўраду Беларусі з 1 студзеня 2024 году ўстанавілі памер базавай велічыні ў 40 рублёў.
Безьбілетны грамадзянін, выяўлены ў пасажырскім цягніку, абавязаны аплаціць кошт праезду ад станцыі пасадкі да станцыі свайго прызначэньня, кошт паслугі па афармленьні праязнога дакумэнту ў цягніку і штраф. Калі ён заяўляе пра жаданьне пакінуць цягнік неадкладна, то ён аплачвае праезд да станцыі, на якой пакіне цягнік, і штраф.