Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША заявілі пра «вельмі істотныя» захады ў адказ на атаку на амэрыканскіх вайскоўцаў у Ярданіі


Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, 24 студзеня 2024
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, 24 студзеня 2024

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн абвінаваціў у нападзе баявікоў, якія падтрымліваюцца Іранам.

Белы дом заявіў, што ЗША плянуюць «вельмі істотныя» меры ў адказ на атаку бесьпілётніка, у выніку якой загінулі тры амэрыканскія вайскоўцы на базе ў Ярданіі.

Як паведамляе «Голас Амэрыкі», прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн абвінаваціў у нападзе баявікоў, якія падтрымліваюцца Іранам, а прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі Джон Кірбі заявіў CNN, што пазьней будзе рэакцыя з боку прэзыдэнта ў адказ.

Кірбі таксама падкрэсьліў, што ЗША «не імкнуцца да вайны з Іранам» і «не жадаюць маштабнага канфлікту на Блізкім Усходзе».
Пры гэтым не паведамлялася пра якія-небудзь канкрэтныя дэталі пра час і маштабы дзеяньняў у адказ.

У сваю чаргу рэспубліканцы настойваюць на неадкладных мерах у адказ.

«Адзіным адказам на гэтыя напады павінен быць разбуральны ваенны адказ супраць іранскіх тэрарыстычных сіл, як у Іране, так і на ўсім Блізкім Усходзе», — заявіў сэнатар-рэспубліканец Том Котан.

Некаторыя прадстаўнікі Рэспубліканскай партыі ў Кангрэсе заклікалі прэзыдэнта нанесьці прамы ўдар па Іране, аднак ёсьць асьцярогі, што падобныя захады могуць прывесьці да пашырэньня канфлікту ў рэгіёне.

Хаця амэрыканскія войскі неаднаразова абстрэльваліся на Блізкім Усходзе, загінулыя 27 студзеня вайскоўцы сталі першымі ахвярамі сярод амэрыканцаў за ўвесь час вайны паміж Ізраілем і ХАМАС (прызнана ў ЗША тэрарыстычнай арганізацыяй).

Цэнтральнае камандаваньне ЗША таксама паведамляла, што, акрамя трох загінулых, яшчэ 34 амэрыканскія вайскоўцы атрымалі раненьні ў выніку атакі па жылых будынках на паўночным усходзе Ярданіі паблізу сырыйскай мяжы. Пакуль не вядома, якім чынам бесьпілётнік змог прайсьці незаўважаным праз сыстэму амэрыканскай супрацьпаветранай абароны і адкуль менавіта ён быў запушчаны.

Як паведамляе Associated Press са спасылкай на неназваных чыноўнікаў, амэрыканскія вайскоўцы, магчыма, прынялі варожы робат за амэрыканскі і дазволілі яму бесьперашкодна праляцець да базы.

Міністэрства замежных спраў Ірану адмаўляе адказнасьць за тое, што здарылася. Інфармацыйнае агенцтва Ісламскай Рэспублікі Іран (ІРНА) працытавала прадстаўніка замежнапалітычнага ведамства Насера Канані, які заявіў, што «Ісламская Рэспубліка Іран не адыгрывае ніякай ролі ў рашэньнях груп супраціву аб тым, як яны падтрымліваюць палестынскі народ або абараняюць сваіх людзей».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG