Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь адправіла праз расейскія парты 14,1 млн тон грузаў


У порце, ілюстрацыйнае фота
У порце, ілюстрацыйнае фота

Стала вядома, наколькі інтэнсіўная супраца Беларусі з Расеяй у партовай галіне. Ёсьць і сумесныя пляны беларускай і расейскай чыгунак па будаўніцтве новых адгалінаваньняў чыгункі ў парты.

Беларусь у 2023 годзе адправіла праз расейскія парты 14,1 млн т грузаў. Пра гэта на дзяржаўнай тэлевізіі расказаў пасол Беларусі ў Маскве Дзьмітры Круты, піша reform.by. Паводле яго слоў, аб’ёмы перавалкі шматкроць вырасьлі ў параўнаньні з 2021–22 гадамі.

З гэтай лічбы 12,9 млн тон склала перавалка з Санкт-Пецярбургу.

Круты адзначыў, што БЧ і РЖД ужо ўзгаднілі плян працаў па павелічэньні прапускной здольнасьці сваіх чыгуначных ліній на Санкт-Пецярбург.

«Першы этап — будаўніцтва сямі разьездаў, гэта значыць аднаўленьне разьездаў, якія пасьля Савецкага Саюзу былі фактычна закансэрваваныя, іх трэба вельмі апэратыўна і хутка аднавіць. Базавая задача — забясьпечыць да 2025 году аб’ём перавалкі на 15 млн тон нашых грузаў, выкарыстоўваючы парты Санкт-Пецярбургу», — дадаў ён.

У далейшым улады дзьвюх краін плянуюць выкарыстоўваць Мурманск і Паўночны марскі шлях для дастаўкі грузаў у Кітай.

«Скарачэньне тэрмінаў і бясьпека гэтага лягістычнага маршруту відавочныя. Самі расейцы зараз яго актыўна пачынаюць выкарыстоўваць. Кітайскія лягістычныя кампаніі пачынаюць яго таксама вельмі актыўна асвойваць, таму важна зараз не прапусьціць момант, убудавацца ў гэты працэс. Такія пляны ў нас ёсьць, я думаю, у першым паўгодзьдзі мы па мурманскіх варыянтах ужо канчаткова вызначымся», — растлумачыў амбасадар.

У верасьні 2020 году, калі ў беларускіх гарадах адбываліся пратэсты супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту з боку сілавікоў, Лукашэнка прапанаваў губэрнатару Ленінградзкай вобласьці пабудаваць у порце Усьць-Лугі тэрмінал для беларускіх грузаў. Ужо тады было зразумела, што заходнія ўрады будуць уводзіць санкцыі. Так пазьней і сталася, і балтыйскія краіны закрылі свае парты для Беларусі. Аднак і праз тры гады пасьля дамоўленасьцяў справа ня зрушылася зь месца.

Зрэшты, пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў у абыход краінаў Балтыі праз расейскія парты пачаліся яшчэ ў сакавіку 2021 году. Гэта адбылося пасьля таго, як у лютым Расея і Беларусь падпісалі пагадненьне аб арганізацыі перавалкі беларускіх нафтапрадуктаў. Дакумэнт прадугледжваў дастаўку амаль 10 млн тон мазуту, бэнзіну і алівы ў 2021–2023 гадах.

Тады ж Расея пачала разглядаць варыянт стварэньня тэрміналу ў Фінскім заліве — на пляцоўках Усьць-Луга або Высоцк — для перавалкі беларускіх угнаеньняў.

У ноч на 21 студзеня 2024 году порт Усьць-Луга атакавалі бесьпілётнікі, імаверна, украінскія. Іхнай цэльлю стаў хімічны тэрмінал «Новатэк». Было пашкоджана буйное газасховішча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG