Па выніках студзеня выручка Суэцкага каналу была роўная ўсяго 428 млн даляраў. Кіраўнік упраўленьня каналу Ўсама Рабія заявіў, што летась гэты паказьнік складаў 804 млн даляраў, паведамляе Bloomberg.
У выніку даходы каналу ад грузаперавозак у першы месяц году скараціліся амаль на 47%.
Падзеньне грузаперавозак праз Суэцкі канал зьвязана з нападамі емэнскіх хусітаў на гандлёвыя судны ў Чырвоным моры. У канцы 2023 году аб’ём грузаперавозак па канале скараціўся на 28%, а за першыя 11 дзён студзеня даходы Суэцкага каналу, які злучае Міжземнае і Чырвонае мора, упалі на 40% у параўнаньні з аналягічным леташнім паказьнікам.
Паводле ацэнкі ААН, грузаперавозкі праз Суэцкі канал за два месяцы нападаў хусітаў на судны ў Чырвоным моры ўпалі на 45%. А колькасьць суднаў зьнізілася на 39%.
Акрамя таго, напады хусітаў на гандлёвыя судны ў Чырвоным моры падштурхнулі лягістычныя кампаніі прапаноўваць кліентам новыя наземныя маршруты праз ААЭ і Саудаўскую Арабію.