Анджэй Дуда ў інтэрвію Kanał Zero на пытаньне, ці верне Украіна Крым, адказаў, што ня ведае. Ён адзначыў, што верыць, што Украіна верне Данецк і Луганск, але дадаў, што Крымскі паўвостраў зьяўляецца «асаблівым яшчэ і па гістарычных прычынах»: «Таму што на самой справе, калі паглядзець гістарычна, большую частку часу ён знаходзіўся пад кантролем Расеі».
Словы Дуды масава пашыраюць расейскія прапагандысты, а таксама супрацоўнікі дзяржаўных мэдыяў Беларусі. Яны сьцьвярджаюць, што польскі прэзыдэнт нібыта назваў Крым расейскім.
Як паведамляе Польскае радыё, 3 лютага Анджэй Дуда растлумачыў, што яго дзеяньні і пазыцыя адносна расейскай агрэсіі супраць Украіны ясныя: Расея парушае міжнароднае права, зьяўляецца агрэсарам і акупантам, акупацыя міжнародна прызнаных тэрыторый Украіны, у тым ліку Крым, зьяўляецца злачынствам. Прэзыдэнт Дуда дадаў, што вайна РФ з Украінай ня можа скончыцца перамогай Расеі.
Амбасадар Украіны ў Польшчы Васіль Зварыч пракамэнтаваў заяву Анджэя Дуды наконт Крыму: «Крым — гэта Украіна: ёсьць і застанецца. Міжнароднае права — аснова. Часовая акупацыя Крыма Расеяй — гэта ваеннае злачынства, за якое яна будзе пакараная. Дэакупацыя Крыма — гэта наша агульная задача і абавязацельства перад свабодным сьветам. Мы гэта зробім. У гэтым няма ніякіх сумневаў. Мы верым і працуем разам».
Міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, у сваю чаргу, заявіў, што Польшча прызнае незалежнасьць Украіны ў міжнародна ўстаноўленых межах, «якія неаднаразова пацьвярджаліся Расейскай Федэрацыяй: пачынаючы з дамовы ад 19 лістапада 1990 года да Будапэшцкага мэмарандума ад 5 сьнежня 1994 года і дамовы аб мяжы ад 28 студзеня 2003 года».
Дэпутат Сэйма Павэл Коваль, які павінен стаць паўнамоцным прадстаўніком польскага ўрада па аднаўленьні Украіны, заявіў у суботу ў эфіры RMF FM, што «Крым быў доўга расейскім, як і Беласток», а «заявы пра расейскі Крым — гэта трызьненьне, якое заснавана на тым, што людзі ня ведаюць гісторыі»: «Крым — неад’емная частка Украіны, якая мае рэгіянальную аўтаномію, пра якую мала хто ведае, замацаваную ва ўкраінскай Канстытуцыі. Ён вельмі аўтаномны ўнутры Украіны, мае асобны парлямэнт, асобны ўрад, аднак гістарычна гэта месца пражываньня крымскіх татараў».