Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская пра стварэньне агульных падручнікаў гісторыі для Беларусі і Расеі: «Гэта нагадвае часы СССР»


Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота

«Кожны крок рэжыму пад выглядам „інтэграцыі“ забірае ў нас кавалачак незалежнасьці», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская, камэнтуючы інфармацыю аб стварэньні Беларусьсю і Расеяй адзінага падручніка па гісторыі для школаў і вышэйшых навучальных установаў.

«‎Рэжым ужо ня раз спрабаваў перапісваць нашу гісторыю. Выкрэсьліваў з падручнікаў памятныя даты, „адмяняў“ нацыянальных герояў. Так робіць любая дыктатура: імкнучыся завалодаць мінулым, яна нацэльваецца кантраляваць будучыню», — заявіла дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская.

Ціханоўская адзанчыла, што ўсё гэта нагадвае ёй часы СССР.

«Тады таксама забараняліся кнігі, перайначваліся факты. А тыя, хто сумняваўся ў «палітыцы партыі», падвяргаліся ціску. Але нават у такіх умовах людзі знаходзілі спосаб даведвацца праўду, дзяліцца ёю адзін з адным. Менавіта людзі імкнуліся захаваць гісторыю, зусім не дзяржава.

Кожны крок рэжыму пад выглядам „інтэграцыі“ забірае ў нас кавалачак незалежнасьці. Але нават калі нам спрабуюць навязаць неіснуючую гісторыю, важна разумець: адказнасьць за тое, што насамрэч будуць ведаць дзеці, ляжыць на нас з вамі. І для таго, каб расказаць ім праўду, сумесныя з Расеяй падручнікі не патрэбныя».

Першага лютага стала вядома, што Беларусь і Расея дамовіліся аб стварэньні адзіных падручнікаў па гісторыі для школ і вышэйшых навучальных установаў. Пра гэта заявіў пасол Расеі ў Менску Барыс Грызлоў.

Ён нагадаў, што на мінулым тыдні падпісалі дакумэнты аб стварэньні расейска-беларускай камісіі па гісторыі. Два складнікі камісіі — расейская міжведамасная камісія ў гістарычнай асьвеце, якую ўзначальвае памочнік Пуціна Мядзінскі, і беларуская рэспубліканская рада ў гістарычнай палітыцы, якую ўзначальвае кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергеенка.

У Расеі і Беларусі апошнім часам актыўна перапісваюць падручнікі гісторыі. У прыватнасьці, з расейскага школьнага падручніка «Навакольны сьвет» для навучэнцаў чацьвёртых клясаў прыбралі некалькі згадак Кіева як сталіцы Кіеўскай Русі. З падручнікаў прыбіраюць згадкі пра масавыя рэпрэсіі, злачынствы эпохі сталінізму, нэгатыўна ацэньваюць вызвольнае паўстаньне 1863 году.

Уладзімір Пуцін, сярод іншага, спрабуе апраўдаць «гістарычнымі фактамі» напад Расеі на Ўкраіну. Ён, у прыватнасьці, заяўляў, што да стварэньня Ўкраінскай ССР Украіны «не было ў гісторыі чалавецтва». Таксама ён пэрыядычна падымае тэму «трыадзінства рускай нацыі» (канцэпцыя, заснаваная на ўяўленьні пра рускі народ як сукупнасьць жыхароў гістарычнай Русі — вялікаросаў, маларосаў і беларусаў, якія лічацца галінамі аднаго народу), заяўляючы, што яна была штучна і гвалтоўна падзеленая ў выніку палітычных пралікаў падчас і пасьля распаду СССР, а Расея павінна аб’яднаць гэтую «рускую нацыю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG