У 2023 годзе Польшча адмовіла ў наданьні часовага дазволу на жыхарства 13,9% заяўнікаў зь Беларусі, піша «Позірк» са спасылкай на дасьледаваньне рэсурсу «Польскі кансультант».
Для параўнаньня: сярод грамадзян Расеі адмовы ў часовым дазволе на жыхарства летась атрымалі 36,2% заяўнікаў, грамадзян Украіны — 5,7% адмоваў, грамадзян іншых дзяржаў — 17%.
Агулам за 2023 год адмовы атрымалі 6,5% замежнікаў, якія прэтэндавалі на атрыманьне карты побыту ў Польшчы. Самая вялікая доля адмоваў была ў Мазавецкім ваяводзтве (дзе Варшава) — 14,96%.
У 2023 годзе Польшча выдала беларусам 59 627 часовых дазволаў на жыхарства (17,8% ад агульнай колькасьці). Агулам у Польшчы летась выдалі 334 381 часовы дазвол на жыхарства, найбольш — грамадзянам Украіны (65% ад агульнай колькасьці), найменш — расейцам (2%).
Раней ва Ўпраўленьні па справах замежнікаў заявілі, што ў 2023 годзе 27 грамадзян Беларусі атрымалі адмовы ў выдачы пасьведчаньня на права жыхарства ў Польшчы ў сувязі з пытаньнямі дзяржаўнай бясьпекі.
На 31 сьнежня 2023 году ў Польшчы пражывалі 118 562 грамадзяніны Беларусі, якія маюць сапраўдны дакумэнт, выдадзены ў Польшчы, які дае права на знаходжаньне на тэрыторыі краіны, пісаў раней Цэнтар беларускай салідарнасьці са спасылкай на ўпраўленьне па справах замежнікаў Польшчы.
Зь іх:
- 39 553 беларусы мелі сталы дазвол на жыхарства,
- 69 399 — часовы дазвол на жыхарства,
- 6555 чалавек — дадатковую абарону,
- 1160 — дазвол на знаходжаньне доўгатэрміновага рэзыдэнта Эўразьвязу,
- 436 — часовую абарону,
- 578 — статус уцекача,
- 881 — «іншыя падставы».