Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз пераадолеў пярэчаньні Вугоршчыны і ўхваліў дадатковы пакет дапамогі Ўкраіне на 50 мільярдаў эўра


Кіраўнік Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль. Архіўнае фота
Кіраўнік Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль. Архіўнае фота

Дадатковы пакет дапамогі Ўкраіне будзе разьлічаны на чатыры гады.

Лідэры краін Эўразьвязу на саміце ў Бэльгіі дамовіліся аб дадатковым пакеце дапамогі Ўкраіне, які будзе разьлічаны на чатыры гады.

Кіраўнік Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль заявіў, што гэтае рашэньне забясьпечыць стабільнае, доўгатэрміновае і прагназаванае фінансаваньне Ўкраіны.

Вартасьць дапамогі складзе 50 мільярдаў эўра.

«Эўразьвяз бярэ на сябе лідэрства і адказнасьць у падтрыманьні Ўкраіны. Мы ведаем, што пастаўлена на карту», — паведаміў Шарль Мішэль на плятформе Х (колішні Twitter).

Першага лютага ў Бруселі праходзіць пазачарговы саміт Эўразьвязу, на якім лідэры краін ЭЗ абмеркавалі выдзяленьне Ўкраіне дапамогі ў памеры 50 мільярдаў эўра, якое ў сьнежні 2023-га заблякавала Вугоршчына.

Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан нядаўна заявіў, што гатовы пагадзіцца ўнесьці гэтыя 50 мільярдаў эўра дапамогі Ўкраіне ў бюджэтны плян Эўразьвязу, але пры ўмове, што гэтае рашэньне будзе пераглядацца і зацьвярджацца кожны год.

Гаворка ідзе пра фінансавую дапамогу Ўкраіне зь бюджэту ЭЗ. Гэта 17 мільярдаў у выглядзе прамой дапамогі і 33 мільярды ў выглядзе крэдытаў, якія Ўкраіна плянуе атрымаць на працягу наступных чатырох гадоў.

ЭЗ унясе гэтыя выдаткі ў сямігадовы бюджэтны плян, які будзе дзейнічаць яшчэ чатыры гады.

Як памянялася пазыцыя Вугоршчыны

У сярэдзіне сьнежня мінулага года ЭЗ прыняў рашэньне аб пачатку перамоваў аб уступленьні ў арганізацыю Ўкраіны і Малдовы, а таксама наданьні Грузіі статусу кандыдата ў чальцы ЭЗ. Пасьля гэтага Вугоршчына заблякавала выдзяленьне дапамогі для Ўкраіны ў 50 млрд. эўра.

29 студзеня кіраўнік вугорскага МЗС Пэтэр Сіярта наведаў Украіну. У горадзе Ўжгарадзе ён сустрэўся са сваім украінскім калегам Дзьмітром Кулебам і кіраўніком Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Андрэем Ермаком. Па словах Ермака, на сустрэчы, сярод іншага, абмяркоўвалі падрыхтоўку візыту ва Ўкраіну Віктара Орбана.

Напярэдадні гэтай сустрэчы ў брытанскай газеце Financial Times выйшаў артыкул аб тым, што Эўразьвяз гатовы ўдарыць па эканоміцы Вугоршчыны, калі Віктар Орбан накладзе вета на пакет дапамогі Ўкраіне.

Выданьне, спасылаючыся на нейкі ўнутраны дакумэнт ЭЗ, пісала, што ў Бруселі такім чынам маюць намер нанесьці ўрон «працоўным месцам і эканамічнаму росту» краіны, што можа «справакаваць далейшае павелічэньне кошту фінансаваньня дзяржаўнага дэфіцыту і падзеньне курса валюты».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG