Пра гэта піша сайт dev.by з спасылкай на дадзеныя Дзяржаўнай падатковай інспэкцыі пры літоўскім Мінфіне.
У 2022 годзе кампанія EPAM Sistemos стала галоўным падаткаплатнікам IT-галіны Літвы, заплаціўшы ў бюджэт €10,4 млн падаткаў. У 2023-м кампанія ўжо заплаціла €20,6 млн падаткаў, удвая больш. Самым плённым для EPAM стаў II квартал, калі літоўскі бюджэт папоўнілі амаль на €7 млн у выглядзе падаткаў. Пры гэтым за год у літоўскім офісе EPAM супрацоўнікаў стала менш на 10 адсоткаў.
Літоўская «дачка» Wargaming, як і летась, стала другой сярод IT-кампаній Літвы па суме выплачаных падаткаў. За год яна прынесла літоўскаму бюджэту каля €15 млн, ці плюс €6,5 млн у параўнаньні з 2022-м. Гэтая кампанія таксама скараціла штат, прыкладна на 70 чалавек: цяпер там каля 900 супрацоўнікаў.
Сумарна за мінулы год Wargaming і EPAM заплацілі ў Літве €35,5 млн падаткаў, ці амаль удвая больш, чым у 2022-м. Сярод топ-50 кампаній-падаткаплатнікаў сэктару «інфармацыя і сувязь» у Літве доля гэтых дзьвюх кампаній дасягнула 8%.