Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чаго вы сюды прыперліся?». Ізраільцяніна не пусьцілі ў Беларусь праз падпіску ў тэлеграме


Старонка пашпарт грамадзяніна Ізраіля, якога не пусьцілі ў Беларусь праз падпіску на ТГ-канал
Старонка пашпарт грамадзяніна Ізраіля, якога не пусьцілі ў Беларусь праз падпіску на ТГ-канал

Грамадзянін Ізраілю Дзьмітрый у студзені прыляцеў у Беларусь, каб наведаць родных. У менскім аэрапорце яго «завярнулі назад». Як сьцьвярджае сам Дзьмітрый, праз падпіску на «забаронены канал».

Дзьмітрый папрасіў не называць ягонага поўнага імя, у Беларусі жывуць родныя, і суразмоўца турбуецца пра іх лёс. Сам ён таксама паходзіць зь Беларусі, але ўжо каля трыццаці гадоў жыве ў Ізраілі, мае грамадзянства гэтай краіны. У 2023 годзе пасьля нападу ХАМАС на Ізраіль ягоная дачка з малымі дзецьмі выправілася да сваякоў у Беларусь, «каб перабыць там небясьпечны час». 16 студзеня 2024 году ў Беларусь паляцеў і сам Дзьмітрый з жонкай.

Па словах суразмоўцы, ляцелі праз Тбілісі. У менскім аэрапорце, кажа Дзьмітрый, пасажыраў ягонага рэйсу праз аднаго адводзілі ў нейкі загончык.

«Адразу адчувалася прыніжэньне, што нам тут ня рады, нас тут не чакаюць, і наогул чаго мы сюды прыперліся? Сярод нас была журналістка з Казахстану. Яна пачала моцна абурацца такім стаўленьнем. Маўляў, мы ж брацкі народ, а вы так паводзіце сябе зь людзьмі. Яе некуды адвялі. Потым убок адвялі і нас з жонкай», — узгадвае ізраільцянін.

Па яго словах, пасьля размовы жонку Дзьмітрыя памежнікі прапусьцілі, а да яго ўзьніклі пытаньні ад чалавека ў цывільнай вопратцы.

«Ня ведаю, хто гэта быў. Можа, супрацоўнік КДБ. Ён кажа мне: „Я разумею вашу сытуацыю“. Якую маю сытуацыю? Ня трэба ўваходзіць у маю сытуацыю, я прыляцеў у госьці ў Беларусь, ня маю за сабой ніякай правіннасьці! Потым кажа: „Дайце ваш тэлефон“. Я спачатку заўпарціўся, але ён сказаў, што калі ня дам — адправяць мяне назад», — кажа Дзьмітрый.

Па словах суразмоўцы, невядомы ў цывільным пачаў у яго распытваць пра падпіскі на забароненыя тэлеграм-каналы. Але той ня ведаў, пра што ўвогуле гутарка і якія каналы могуць быць забароненыя. У выніку чалавек у цывільным знайшоў у мабільніку Дзьмітрыя падпіску на тэлеграм-канал «НЕХТА».

«Адкуль мне ведаць, што той канал забаронены? Я проста чытаў там навіны. Я ніколі нідзе нічога не пісаў супраць улады ці яшчэ што», — абураецца ізраільцянін.

Дзьмітрый кажа, што невядомы ў цывільным заявіў, што ня мае права ўпусьціць яго ў Беларусь. Яму ў пашпарт паставілі пячатку: «Уезд забаронены», але пры гэтым не патлумачылі, як доўга ён ня зможа прыехаць на радзіму. На штампе аб забароне гэта таксама не пазначана.

«Грошы засталіся ў мяне, рэчы — у жонкі. Я ледзьве дабіўся, каб дазволілі перадаць частку грошай жонцы, мне ж — рэчы ад яе. Потым мяне правялі ў нейкі пакойчык і сказалі чакаць, «да вас прыйдзе прадстаўнік», — узгадвае ізраільцянін.

Па яго словах, чакаць размовы зь іншым «чалавекам у цывільным» давялося некалькі гадзін. Калі той усё ж прыйшоў, то размова адразу стала канфліктнай.

«Ён пачаў мне казаць: «Ды хто ты такі? Хто цябе сюды клікаў? Табе тут ніхто нічога ня вінен, чаго ты сюды прыехаў? Я разумеў, што ў маім выпадку лепш не выступаць», — расказвае Дзьмітрый.

Затым ізраільцянінам заняліся прадстаўнікі «Белавія». Па словах суразмоўцы, яны паводзіліся значна больш прыязна і ветліва.

«Але яны прапанавалі, каб я заплаціў за квіток сто даляраў. Прычым ня больш, ня менш, менавіта сто. Я зазначыў, што мяне мусяць дэпартаваць бясплатна. Але яны пачалі намякаць, што ў самалёце можа ня быць месцаў. Таму я нарэшце пагадзіўся і заплаціў», — кажа Дзьмітрый.

Паводле ягоных словаў, ніякай квітанцыі ці квітка яму не далі, пашпарт жа аддалі толькі па прылёце ў Тбілісі.

Дзьмітрый лічыць, што зь ім абышліся «не па-чалавечы, не па-людзку», і па вяртаньні ў Ізраіль вырашыў напісаць скаргі ў беларускія дзяржаўныя органы.

«Ну ладна, я не падыходжу пад вашы крытэрыі, каб пусьціць мяне ў краіну. Але я плаціў за квіток ня там, скажам, грузінскай авіякампаніі, якая ня ведае і ня мусіць ведаць беларускія законы, а беларускай нацыянальнай кампаніі „Белавія“, і лічу, што яны мусілі папярэдзіць сваіх кліентаў, што іх могуць не прапусьціць у Беларусь празь нейкія там забароненыя каналы! Добра, калі проста не прапусьціць, дык можна ж і сесьці на пару гадоў!» — абураецца суразмоўца.

Ён мяркуе, што турыстаў маглі б папярэдзіць і прапанаваць ляцець у Беларусь, скажам, толькі з кнопачным тэлефонам.

У Дзьмітрыя таксама склалася ўражаньне, што Беларусь — «недружалюбная краіна, тут ня рады гасьцям». Ён дадае, што хоць і шкадуе пра фінансавыя выдаткі на няўдалае падарожжа, але гэта не канец жыцьця.

«Але, як у тым анэкдоце — асадак застаўся. Я не парушаў законаў, не рабіў нічога благога, але са мной так паступілі. Я гэтага так не пакіну», — кажа ізраільцянін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG