Генэральная сакратарка Рады Эўропы Марыя Пэйчынавіч-Бурыч «самым рашучым чынам» асудзіла апошнюю хвалю рэйдаў і арыштаў, накіраваных супраць сваякоў палітычных зьняволеных і былых палітвязьняў у Беларусі.
«Я асабліва занепакоеная наўмысным нападам на людзей, якія ўжо пацярпелі ад сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў выніку палітычных рэпрэсій. Рада Эўропы паўтарае свой заклік да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных. Мы таксама па-ранейшаму адданыя ўмацаваньню супрацоўніцтва з прадстаўнікамі дэмакратычных сіл, грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ на аснове нашых агульных каштоўнасьцяў і на карысьць усяго беларускага народу. Гэтае супрацоўніцтва ўключае ў сябе нашу важную кантактную групу».
Раней новую хвалю ператрусаў і арыштаў у Беларусі асудзіў вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль. У сваёй афіцыйнай заяве прадстаўнік ЭЗ заклікаў рэжым Лукашэнкі «ўстрымлівацца ад любых далейшых рэпрэсій і гвалту супраць беларускага народу, а таксама выконваць міжнародныя абавязаньні Беларусі ў галіне правоў чалавека». Ён запатрабаваў неадкладна і безумоўна вызваліць усіх адвольна затрыманых у Беларусі з палітычных матываў і «спыніць іх жорсткі судовы перасьлед».
Па ўсёй Беларусі 23 студзеня супрацоўнікі КДБ рабілі масавыя ператрусы, допыты і затрыманьні сваякоў і блізкіх палітвязьняў, а таксама былых палітзьняволеных, якія нядаўна выйшлі на волю і заставаліся ў Беларусі. 24 студзеня прыйшлі яшчэ да некалькіх сваякоў палітвязьняў.
Паводле праваабаронцаў «Вясны», агулам за гэтыя дні пад перасьлед трапілі сама меней 159 чалавек.