Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На аўтара Свабоды Сяргея Дубаўца завялі крымінальныя справы. Дубавец адказаў пракуратуры


Сяргей Дубавец. Архіўнае фота
Сяргей Дубавец. Архіўнае фота

Пракуратура Беларусі вінаваіць Сяргея Дубаўца ў рэабілітацыі нацызму і адмаўленьні генацыду беларускага народу.

Генэральная пракуратура Беларусі паведаміла, што завяла крымінальную справу на аўтара «Радыё Свабода» Сяргея Дубаўца — яму інкрымінуюць парушэньне заканадаўства аб супрацьдзеяньні экстрэмізму, недапушчэньні рэабілітацыі нацызму і адмаўленьні генацыду беларускага народу.

«Падазраваны ў сваіх публічных выказваньнях, якія публікуюцца ў аўтарскім блогу, распаўсюдзіў загадзя лжывыя і адкрыта дэструктыўныя зьвесткі аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, вайсковым і міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь, прававым становішчы яе грамадзян, чым дыскрэдытаваў Рэспубліку Беларусь, органы дзяржаўнай улады; распальваў сацыяльную варожасьць і зваду па прыкмеце прыналежнасьці да пэўнай сацыяльнай групы; абгаварыў кіраўніка дзяржавы; удзельнічаў у экстрэмісцкім фармаваньні, а роўна фармаваньні, дзейнасьць якога накіраваная на рэабілітацыю нацызму; адмаўляў факт генацыду беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасьляваенны пэрыяд; зьдзейсьніў наўмысныя дзеяньні ў рэабілітацыі нацызму», — гаворыцца ў паведамленьні Генпракуратуры Беларусі.

Дубаўцу ставяць у віну арт. 369-1, ч. 1 арт. 130, ч. 1 арт. 367, ч. 1 арт. 361-1, ч. 1 арт. 130-2, ч. 1 арт. 130- 1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Максымальнае пакараньне паводле артыкулу 130-2 КК складае 10 год зьняволеньня.

Для арганізацыі папярэдняга расьсьледаваньня Генэральная пракуратура накіравала крымінальныя справы ў Сьледчы камітэт.

У няволі застаюцца журналісты Свабоды Андрэй Кузьнечык (6 гадоў зьняволеньня паводле арт. 361-1 КК) і Ігар Лосік (15 гадоў зьняволеньня паводле арт. 130 і 293 у «справе Ціханоўскага»). У сьледчым ізалятары знаходзіцца журналіст Свабоды ў 2000-2021 гадах Ігар Карней.

Адказ Дубаўца пракуратуры Беларусі

«У 1995 годзе пасьля пагрому парлямэнту Васіль Быкаў назваў рэжым Лукашэнкі хунтай, а мой сябра, дэпутат Вярхоўнага Савету і рэдактар газэты „Свабода“ Ігар Гермянчук — бандай. Нічога не зьмянілася за гэтыя 30 гадоў. Важна мець на ўвазе свае ўласныя думкі і дзеяньні.

Усе мае развагі ў публічнай прасторы строга падпарадкаваныя аб’ектыўным фактам, Канстытуцыі Беларусі і кодэксу журналіста Радыё Свабода. Адзіная рэакцыя, якой яны заслугоўваюць — дыскусія.

Але дыскусіі хунта-банда весьці ня ўмее. На кожнае іншадумства адзін адказ — крымінальная справа і турма. Успрымаю гэта з пэўнай удзячнасьцю, як яшчэ адно прызнаньне праваты адэкватных беларусаў, якіх мама вучыла правільным рэчам. Цяпер я цалкам пазбаўлены згрызотаў сумленьня адносна таго, што мусіў выехаць зь Беларусі. Што да цяжкасьці майго „злачынства“, дык яно прыблізна такое, як магніцік на лядоўні, прызнаны пікетам і забароненым масавым мерапрыемствам. У фармулёўках пракуратуры асабліва зацікавіла фраза пра „отрицал факт геноцида белорусского народа в ... послевоенный период“. Гэтага я не адмаўляў дакладна, але задумацца ёсьць пра што».

Хто такі Сяргей Дубавец

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG