Пра гэта паведамляе партал Delfi.
Згодна з пагадненьнем, на мяжы маюць пабудаваць доўгатэрміновыя ўмацаваньні, што дазволіць забясьпечыць абарону зь першых мэтраў тэрыторыі краінаў Балтыі.
Габрыелюс Ландсбергіс назваў гэта «палітычным пасланьнем» аб тым, што Літва, Латвія і Эстонія адчуваюць «набліжэньне вайны». На ягоную думку, «калі Расея ня будзе спыненая ва Ўкраіне, яна пойдзе далей. А далей будуць краіны Балтыі». Пра гэта міністар замежных справаў Літвы заявіў журналістам перад пасяджэньнем Рады замежных справаў Эўразьвязу.
«Гэта не недавер, гэта падрыхтоўка да таго, што можа адбыцца. І мы спадзяёмся, што гэта стане дастатковым сыгналам нашым сябрам і партнэрам у Эўропе, у NATO, што да гэтага варта ставіцца сур’ёзна», — сказаў Ландсбергіс.
Пры гэтым міністар падкрэсьліў, што час на падрыхтоўку да адбіцьця магчымай агрэсіі вельмі абмежаваны, і гэты час зараз адваёўвае для краінаў Балтыі Ўкраіна — «сваёй крывёй, сваімі жыцьцямі, усім, што ў яе ёсьць. І мы ня ведаем, колькі яшчэ часу яны змогуць нам выйграць», — сказаў міністар.