Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы пры загадкавых абставінах загінуў беларускі эмігрант


Паліцыя ў Польшчы. Ілюстарцыйнае фота
Паліцыя ў Польшчы. Ілюстарцыйнае фота

15 красавіка ў Кракаве знайшлі мёртвым 50-гадовага беларуса з Рэчыцы Сяргея Дубініна.

Цела Дубініна знайшлі ў доме, дзе ён жыў, паведаміў у Фэйсбуку 17 красавіка беларускі праваабаронца Леанід Судаленка.

Сусед і сябар актывіста Аляксандар Алмаеў расказаў, што знайшоў яго ў агульным ванным пакоі ў крыві, «ужо без прыкметаў жыцьця», і пабачыў на падлозе нож.

«Я ўзяў ключ і зайшоў у дом. Усё было ў крыві. Сяргей ляжаў у ненатуральнай позе, ужо халодны», — расказаў Алмаеў, словы якога пераказаў Судаленка.

Мэдыкі хуткай дапамогі канстатавалі сьмерць беларуса, польская паліцыя пачала расьсьледаваньне.

«Пакуль невядома, што менавіта адбылося — гвалтоўная сьмерць ці суіцыд? Памяшканьне апячатанае, ідуць сьледчыя дзеяньні», — паведаміў Леанід Судаленка.

Паводле праваабаронцы, які асабіста ведаў Дубініна, Сяргей быў актыўным і неабыякавым чалавекам, удзельнічаў у грамадзкім жыцьці, быў незалежным назіральнікам за выбарамі ў Рэчыцы. Падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году зьбіраў подпісы ў камандзе альтэрнатыўнага кандыдата. Пасьля быў вымушаны зьехаць зь Беларусі, працаваў у Польшчы на будоўлі, жыў у пакоі разам зь сябрам Алмаевым.

«У студзені Сяргей Дубінін разам з Аляксандрам былі ў Вільні, мы сустракаліся як землякі, размаўлялі, жартавалі, і нішто ня ўказвала на тое, што Сяргей стаміўся жыць», — адзначыў Леанід Судаленка.

Судаленка паведаміў Свабодзе, што пра сьмерць Дубініна ўжо паінфармаваная ягоная сям’я ў Беларусі, брат хоча пахаваць яго на радзіме, і зараз высьвятляюць, ці дапаможа перавезьці цела ў Беларусь страхавая кампанія, поліс якой меў Дубінін.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG