16 красавіка МУС Беларусі дадало ў сьпіс «экстрэмісцкіх фармаваньняў» каталіцкага ксяндза Вячаслава Барка, заўважыла «Вясна».
Ведамства палічыла «экстрэмісцкімі» сацыяльныя сеткі сьвятара, тэлеграм- і ютуб-каналы, а таксама электронную пошту.
Вячаслаў Барок — каталіцкі сьвятар з Расонаў Віцебскай вобласьці. Празь перасьлед ён быў вымушаны зьехаць зь Беларусі ў ліпені 2021 году.
У сьнежні 2020 году ксяндзу прысудзілі 10 дзён арышту за «прапаганду нацысцкай сымболікі» — у жніўні ксёндз разьмясьціў допіс у сацыяльнай сетцы з антыфашысцкім плякатам вядомага дызайнэра Ўладзімера Цэсьлера.
Ад лістапада 2021 году Вячаслаў Барок прызначаны душпастырам беларускай супольнасьці ў Варшаўскай архідыяцэзіі, ён правіць імшу ў касьцёле сьвятога Аляксандра ў Варшаве.
У лістападзе 2021 году «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызналі відэаролік «Малітва за Беларусь» з ксяндзом Барком, а ў сьнежні 2024 году суд Чыгуначнага раёну Віцебску прызнаў «экстрэмісцкімі» сацыяльныя сеткі Вячаслава Барка.
25 сакавіка 2025 Рада БНР узнагародзіла ксяндза Вячаслава Барка мэдалём Ордэну Пагоні.
- «Экстрэмізмам» улады Беларусі прызнаюць дзеяньні, накіраваныя, сярод іншага, на дапамогу палітвязьням і іхным сем’ям. Сілавыя органы выкарыстоўваюць такія абвінавачаньні для працягу палітычных рэпрэсіяў. Як экстрэмізм з 2020 году ўлады трактуюць фактычна якія-хаця праявы нязгоды зь імі, публікацыі незалежных СМІ. За пашырэньне нібыта «экстрэмісцкіх» матэрыялаў прадугледжаная адміністрацыйная адказнасьць, за «экстрэмісцкія фармаваньні» — крымінальная.
Рэпрэсіі супраць рэлігійных дзеячоў, арганізацыяў і будынкаў у Беларусі
- Вядома пра некалькі дзясяткаў сьвятароў і пастараў — каталікоў, праваслаўных і пратэстантаў, якіх затрымлівалі пасьля пратэстаў 2020 году. Толькі за 2022 год іх было ня менш за 24. На некалькіх чалавек завялі крымінальныя справы.
- Як расказаў Свабодзе айцец Георгі Рой, шмат хто з праваслаўных сьвятароў прайшоў праз прафіляктычныя гутаркі перад кіраўніцтвам БПЦ (япіскапам або сакратаром япіскапа) або перад чыноўнікамі ў справах рэлігіі. Выклікаюць тых, хто крытыкаваў улады Беларусі, пісаў сваю думку ў інтэрнэце, выказваўся ў падтрымку Ўкраіны ў вайне.
- Празь перасьлед зь Беларусі ў Польшчу выехалі вядомы каталіцкі сьвятар і блогер ксёндз Вячаслаў Барок з Расонаў, ксёндз Дзьмітры Прыступа зь Ляхавічаў, ксёндз Андрэй Вашчук зь Віцебску, які правёў месяц на «сутках» у 2022 годзе.
- Увосень 2022 году закрылі для любых наведваньняў Чырвоны касьцёл у Менску, ня толькі адзін з галоўных цэнтраў каталіцкага жыцьця, але і візытоўку гораду для турыстаў. Прычынай улады назвалі начны пажар у будынку. Нядаўна ў Менгарвыканкаме сказалі, што працы ў будынку пачнуцца толькі ў першым квартале 2024 году, і «пасьля іх завяршэньня будзе прынятае рашэньне аб аднаўленьні дзейнасьці касьцёла».
- Сёлета 20 чэрвеня экскаватарамі разбурылі будынак пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё» ў Менску. Менскі суд зьліквідаваў рэлігійную грамаду хрысьціянаў поўнага Эвангельля «Новае жыцьцё», а інфармацыйную прадукцыю царквы прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі.
- Улады закрылі школу ў каталіцкім Хрысьціянскім сацыяльным цэнтры ў Менску.
- Улады Беларусі зьнішчалі крыжы ў менскіх Курапатах, месцы масавых расстрэлаў і пахаваньняў у 1930-х гадах. Дагэтуль хтосьці рэгулярна псуе там крыжы, а вінаватых не знаходзяць. Вандалізм чынілі і над крыжамі і стэндамі ў «віцебскіх Курапатах», у вёсцы Хайсы. Сілавікі таксама не знайшлі вінаватых.
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».
Форум