Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская ў Давосе: «Лукашэнка прадае сувэрэнітэт Беларусі Пуціну, каб захаваць уладу для сябе і сваёй эліты»


Сьвятлана Ціханоўская выступае на сустрэчы ў рамках Эканамічнага форуму ў Давосе. 15 студзеня 2024
Сьвятлана Ціханоўская выступае на сустрэчы ў рамках Эканамічнага форуму ў Давосе. 15 студзеня 2024

Сьвятлана Ціханоўская мяркуе, што цяперашняя барацьба за дэмакратычныя каштоўнасьці і сувэрэнітэт ад імпэрскіх амбіцый Расеі вызначыць будучыню ўсёй Эўропы.

Сьвятлана Ціханоўская бярэ ўдзел у Сусьветным эканамічным форуме ў швайцарскім Давосе 15–18 студзеня. Напярэдадні яна выступіла на дыскусійнай панэлі, прымеркаванай Беларусі.

«Вось ужо 30 гадоў у Беларусі не было свабодных выбараў. Абяцаючы аднавіць так званую „стабільнасьць“, дыктатар зьнішчыў парлямэнт, незалежныя суды і СМІ. Маю краіну пераўтварылі ў паліцэйскую дзяржаву, дзе выбары ператварыліся ў рытуал бяз сэнсу і рэальнага выбару», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская, паведаміла выданьне «Позірк».

Яна паведаміла, што ў Беларусі арыштавалі тысячы людзей з палітычных матываў, а пра свайго мужа Сяргея Ціханоўскага яна не атрымлівала зьвестак амаль год. Аднак, паводле яе, нягледзячы на тэрор, «людзі працягваюць супраціўляцца ў падпольлі».

«Мы ня можам арганізаваць адкрытыя пратэсты, але мы можам падрыхтавацца да новага акна магчымасьцяў. Я ўпэўнена, што дыктатура абрынецца, і мы павінны быць да гэтага гатовыя. Таму мы працуем над рэформамі, каб дыктатура больш ніколі не паўтарылася. Каб у нас былі моцныя дэмакратычныя інстытуты», — дадала яна.

Сьвятлана Ціханоўская мяркуе, што цяперашняя барацьба за дэмакратычныя каштоўнасьці і сувэрэнітэт ад імпэрскіх амбіцый Расеі вызначыць будучыню ўсёй Эўропы. «Ва Ўкраіне Расея змагаецца ракетамі і танкамі, у Беларусі яна змагаецца пры дапамозе тэрору, палітычных і эканамічных інструмэнтаў», — адзначыла яна.

Сьвятлана Ціханоўская падкрэсьліла, што Лукашэнка «прадае сувэрэнітэт Беларусі Пуціну толькі для таго, каб захаваць уладу для сябе і сваёй эліты».

«Гэта, бадай, адзіны такога кшталту дыктатар, які абвяргае нацыянальную ідэнтычнасьць свайго народу і марыць аб адраджэньні Савецкага Саюзу, турмы народаў, як мы яе называем. Беларусь — выдатны прыклад таго, што можа адбыцца, калі грэбаваць дэмакратычнымі інстытутамі», — дадала экс-кандыдат у прэзыдэнты.

Франак Вячорка, галоўны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай, паведаміў, што ў дыскусіі ўдзельнічалі дарадца ў эканамічных пытаньнях Алесь Аляхновіч, юрыстка Ганна Маціеўская, а таксама прадстаўнік НАУ Павал Берштаў.

Алесь Аляхновіч патлумачыў залежнасьць паміж дэмакратыяй і эканамічнымі вынікамі, чаму дыктатуры не спрыяюць эканамічнаму дабрабыту людзей, чаму Лукашэнка за 30 гадоў зрабіў зь Беларусі адну з самых бедных краін Эўропы, хаця на пачатку 1990-х беларусы жылі ня горш за палякаў.

Закраналіся пытаньні, ці Беларусь гатовая да перамен і што рабіць з адносінамі з Расеяй. Павал Берштаў нагадаў пра пэрсанальную адказнасьць прадстаўнікоў рэжыму за злачынствы супраць грамадзян Беларусі, а таксама пра вынікі дзейнасьці дэмакратычных сіл у гэтым кірунку. Ганна Маціеўская зьвярнула ўвагу на важнасьць незалежнай судовай сыстэмы для эканамічнага разьвіцьця — у новай Беларусі гэта будзе адна з ключавых рэформаў.

Асноўны дзень працы Святланы Ціханоўскай у Давосе — 17 студзеня, калі заплянаваны адразу два яе выступы ў асноўнай праграме Форуму з удзелам прэзыдэнтаў і прэм’ераў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG