Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30 дзён, каб сабраць рэчы. Грамадзяніна Беларусі могуць выслаць з Польшчы, а ён не разумее, чаму


Павал Юшкевіч. Архіўнае фота
Павал Юшкевіч. Архіўнае фота

Беларус Павал Юшкевіч 20 гадоў пражыў у Польшчы, 11 зь іх ён змагаецца за магчымасьць жыць у краіне. Урэшце прыйшло рашэньне — у яго забіраюць дазвол на жыхарства.

Паўлу Юшкевічу 38 гадоў. Ён нарадзіўся ў вёсцы Васілішкі на Горадзеншчыне, скончыў там школу. У 17 гадоў пераехаў у Польшчу. Вучыўся ва ўнівэрсытэце ў Торуні на кірунках «пэдагогіка» і «міжнародныя адносіны». Меў узнагароду «найлепшы іншаземны студэнт Польшчы». Атрымаў ступень магістра расейскай філялёгіі, абараніў доктарскую дысэртацыю.

У 2008 годзе Павал атрымаў пастаянны дазвол на жыхарства на падставе польскіх каранёў. Ягоны дзед лічыў сябе палякам, а бабка са шляхецкага роду Ліпскіх.

У 2012-м Павал падаў дакумэнты на польскае грамадзянства, але яму адмовілі. Прычыну патлумачылі коратка — знаходжаньне Паўла ў краіне можа ствараць пагрозу для бясьпекі Польшчы. Такое заключэньне зрабіла Агенцтва ўнутранай бясьпекі краіны (ABW).

«Гэта быў для мяне вялізны шок», — прызнаецца суразмоўца.

Чаму такую характарыстыку яму напісалі спэцслужбы, Павал дагэтуль ня ведае. Ейны зьмест засакрэчаны. Спробы даведацца выніку не далі нават праз суды. Беларус кажа, што спрабаваў здагадацца, што магло стаць падставай для нэгатыўнага заключэньня.

«Я пачынаў аналізаваць усіх сваіх знаёмых, хто мог бы зрабіць мне нешта на зло, напісаць паклёп. Я быў добрым студэнтам, у мяне ўсё атрымлівалася. Гэта магло камусьці не падабацца», — разважае суразмоўца.

Празь некалькі месяцаў такога аналізу хлопец прыйшоў да высновы, што атрымліваецца нездаровая сытуацыя: калі ён перакананы ў сваёй невінаватасьці, то як можа кепска думаць пра тых, з кім побач жыў і працаваў?

Перад тым, як скласьці нэгатыўную характарыстыку, Юшкевіча запрашалі на размову ў ABW. Ён успамінае яе як «непрыемную». Павал кажа, што на некаторыя пытаньні не хацеў адказваць, бо лічыў іх непрымальнымі для сябе. Зьмест гутаркі ён ня можа пераказваць. На ягоную думку, ён пры гэтым паводзіў сябе карэктна.

Мужчына дадае, што не служыў у беларускай арміі (часам гэта бывае прычынай адмовы для дазволу на жыхарства ў ЭЗ). Таксама ён не выходзіў на акцыі пратэсту супраць рашэньняў польскага ўраду.

Павал дапускае, што падставай для адмоўнага заключэньня спэцслужбаў мог стаць акаўнт «ВКонтакте», дзе хтосьці з 2017 году посьціў ягоныя фота і пісаў допісы ў падтрымку Расеі. Сам Юшкевіч кажа, што ня вёў яго.

«11 гадоў, якія руйнуюць маё жыцьцё»

Апошнія 11 гадоў Павал спрабуе даказаць, што выйшла памылка і што ён насамрэч мае права жыць у Польшчы і карысны для яе. Ён кажа, што нават не стварыў сям’ю, таму што ўвесь час знаходзіўся ў падвешаным стане і ня мог узяць адказнасьць за іншага чалавека, за дзяцей. Суразмоўца думае, што ягоная сытуацыя выключная, бо справа цягнецца настолькі доўга.

«11 гадоў, якія руйнуюць маё жыцьцё», — называе ён гэты час.

Беларус перакананы, што калі б ён сапраўды быў небясьпечным для Польшчы, яго дэпартавалі б цягам некалькіх дзён, а не працягвалі б працэс столькі гадоў.

«Як можна быць пагрозай для краіны 11 гадоў і ў гэты ж час функцыянаваць тут, працаваць, выкладаць, адкрываць свой бізнэс? Гэтую гісторыю можна назваць абсурднай», — упэўнены мужчына.

Павал выкладае ў торунскім унівэрсытэце культурную антрапалёгію, гісторыю адукацыі, міжкультурную адукацыю. Адкрыў невялікі забаўляльны бізнэс для дзяцей з сымулятарамі віртуальнай рэальнасьці.

З 2017 году цягнецца працэдура пазбаўленьня Паўла дазволу на жыхарства.

«Калі я быў пагрозай у 2017 годзе, чаму адразу не прынялі захадаў, якія маглі б абараніць Польшчу ад мяне, ад такога „злачынца“ Юшкевіча?» — задае рытарычнае пытаньне Павал.

5 студзеня сёлета ён атрымаў ліст з адміністрацыі ў справах іншаземцаў. Зь яго вынікае, што ў Паўла забіраюць дазвол на жыхарства, які яму выдалі ў 2008 годзе. Да таго ж беларусу трэба цягам 30 дзён выехаць з Польшчы. У адваротным выпадку памежная служба пачне сваю працэдуру, і тады яго могуць дэпартаваць у Беларусь. Павал мяркуе, што вяртацца на радзіму для яго небясьпечна.

З 2006 году ён быў беларускім актывістам у Польшчы, зьвяртаў увагу на сытуацыю ў Беларусі, ладзіў з паплечнікамі беларускія дні, беларускія канфэрэнцыі. Ён адзін зь лідэраў беларускай дыяспары ў Торуні. У Беларусі быў у апошні раз у 2019 годзе.

«Тут мой дом»

Павал дапускае, што яго сапраўды могуць дэпартаваць, але пакідаць Польшчу пакуль не плянуе.

«Я прыехаў сюды хлапчуком. Правёў тут большую частку сьвядомага жыцьця. Тут было станаўленьне маёй асобы. Тут мой дом. Я не ўяўляю, як выехаць з Польшчы і пачынаць жыцьцё з нуля ў 38 гадоў. Я не ўяўляю сытуацыі, калі я пакідаю ўсё — сяброў, знаёмых, сваю кватэру, свой бізнэс, студэнтаў. Гэта вельмі складана. Я разьлічваю на справядлівасьць, што нешта зьменіцца за 30 дзён», — кажа Павал.

Зараз разам зь юрыстамі ён думае, як вырашыць гэтую сытуацыю.

«У мяне яшчэ засталося троху надзеі, што знойдзецца чалавек, які зьверне ўвагу на абсурднасьць сытуацыі. Нейкае рашэньне, прынятае ў 2013 годзе, разбурае жыцьцё чалавека на працягу 10 гадоў. Я яшчэ веру ў справядлівую Польшчу... Я нікуды не хаваюся. Думаю, што знойдзецца чалавек добрай волі, які падумае, што гэтая справа не трымаецца ў адной кучы і што яе трэба разгледзець наноў», — кажа ён.

Павал мае надзею, што ягоная справа вырашыцца станоўча для яго. Да таго ж ён бы хацеў, каб ягоны выпадак дапамог у будучыні іншым беларусам у падобных сытуацыях.

«Я вельмі спадзяюся, што гэтая справа стане трыгерам, каб польскія законы палепшыліся і больш спрыялі людзям. Я веру, што кожны чалавек у сваім жыцьці атрымлівае такі крыж, які можа несьці. Магчыма, гэтая ахвяра патрэбная, каб у будучыні іншым людзям жылося лепей», — голас Паўла перарываецца, яму цяжка гаварыць.

Свабода зьвярнулася ў Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы (ABW) з просьбай патлумачыць, чаму Паўла Юшкевіча могуць выслаць з тэрыторыі краіны. Адказ будзе апублікаваны пасьля атрыманьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG